Пошук

27.05.2024 17:02   Паводле: Vatican News / Фота: Юлія Машко / Catholic.by

25 і 26 мая ў Рыме праходзілі мерапрыемствы Першых Сусветных дзён дзіцяці.

Беларусь на першых у гісторыі Сусветных днях дзіцяці, якія адбыліся па ініцыятыве Папы Францішка, прадстаўлялі два дзясяткі маленькіх вернікаў. Арганізатарам пілігрымкі выступіў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску.

Групу дзяцей суправаджалі бацькі і адказныя асобы на чале з сястрой Чаславай Навіцкай USJK, адказнай за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыяі парталу Vatican News, у суботу раніцай у Ватыкане Святы Айцец прыняў дзіцячыя дэлегацыі з Украіны і Палестыны. Між тым дзясяткі тысяч маленькіх пілігрымаў з розных куткоў свету сабраліся на Алімпійскім стадыёне Рыма. Свята было арганізавана для хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў Дыкастэрыяй па культуры і адукацыі ў супрацоўніцтве з Супольнасцю святога Эгідзія.

Увечары на стадыён прыбыў Папа Францішак. У жывым дыялогу з дзецьмі Святы Айцец прызнаўся, што ідэя арганізацыі першых у гісторыі Сусветных дзён дзіцяці ўзнікла ў яго пасля сустрэчы 7 лістапада 2023 года з дзецьмі з усяго свету. Цяперашняе мерапрыемства павінна было стаць працягам наладжанага тады дыялогу.

Папа адзначыў, што дзеці таксама адчуваюць смутак з прычыны войнаў, пагроз прыроднаму асяроддзю і іншых негатыўных з’яваў.

Ён згадаў пра сваю сустрэчу з украінскімі дзецьмі, якіх вайна прымусіла пакінуць Радзіму. Святы Айцец нагадаў, што ёсць таксама дзеці, якія не могуць вучыцца; дзеці, якія хварэюць і не маюць магчымасці атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу.

Пантыфік звярнуў увагу на дэвіз сустрэчы: «Вось раблю ўсё новае» (Ап 21, 5), і падкрэсліў, што Бог ёсць навізна і заўсёды дорыць нам яе. Папа заклікаў дзяцей быць радаснымі, што карысна для душы, нагадаўшы ім, што Пан Езус іх любіць. Потым ён памаліўся разам з дзецьмі «Вітай, Марыя».

У нядзельную раніцу на плошчы перад ватыканскай базілікай святога Пятра адбылася Эўхарыстычная цэлебрацыя, якую ўзначаліў Папа Францішак.

У ёй бралі ўдзел каля 50 тыс. дзяцей са 121 краіны свету, у тым ліку з Беларусі.

«Дарагія хлопчыкі, дарагія дзяўчынкі, мы сабраліся тут, каб маліцца, маліцца разам, маліцца Богу», — пачаў сваю гамілію Папа, нагадаўшы, што Бог — адзіны ў трох асобах: Айцец, Сын і Дух Святы.

Святы Айцец патлумачыў, што Бог Айцец стварыў усіх нас і любіць нас. Ён заклікаў звяртацца да Яго ў малітве «Ойча наш» і прасіць Яго, каб суправаджаў нас у жыцці.

Потым Папа нагадаў, што Езус, Божы Сын, заўсёды дапамагае нам і дорыць сваё прабачэнне. Яго могуць атрымаць усе; нават людзі, якія зрабілі самае цяжкае злачынства, калі з пакорай папросяць аб прабачэнні. Пантыфік заклікаў не забываць, што Езус прабачае ўсё.

Папа Францішак адзначыў таксама, што Святы Дух — гэта «Бог, які жыве ў нас». Мы атрымліваем Яго ў хросце і іншых сакрамэнтах, а потым Ён суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця, скіроўваючы да дабра і дакраючы ў душы, калі мы робім памылкі. Пантыфік заахвоціў хлопчыкаў і дзяўчынак памятаць, што Святы Дух заўсёды суправаджае нас, дае суцяшэнне і сілы, неабходныя для пераадолення цяжкасцяў.

«Бог Айцец стварыў нас, Езус нас збавіў, а Святы Дух заўсёды суправаджае нас у жыцці», — нагадаў Святы Айцец, запэўніўшы маленькіх вернікаў у тым, што вера робіць нас шчаслівымі.

Напрыканцы гаміліі Папа Францішак заахвоціў дзяцей разам маліцца да Багародзіцы, а таксама заклікаў памятаць у малітве пра сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, пра хворых дзяцей і маліцца за мір, каб не было войнаў.

На заканчэнне святой Імшы Святы Айцец паведаміў, што чарговыя, Другія Сусветныя дні дзіцяці пройдуць у верасні 2026 года.

«Чакаю вас тут і шчыра дзякую вам», — сказаў на развітанне Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа