26 верасня было абнародавана паведамленне адукацыйнага руху Scholas Occurrentes, у якім сказана, што Святы Айцец заснаваў у Ватыкане новую навучальную ўстанову, якая будзе імкнуцца даць адказ на глабальны крызіс сэнсу.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News Папа Францішак заснаваў Універсітэт сэнсу як «грамадзянскую ўніверсітэцкую адукацыйную арганізацыю».
Універсітэт адкрывае дзверы для студэнтаў рознага паходжання, розных моваў і веравызнанняў. Гаворка ідзе аб стварэнні гасціннага і творчага месца, дзе кожны зможа адчуць сябе жаданым госцем.
Ажыццяўляць дзейнасць Універсітэта сэнсу будзе заснаваны Папам Францішкам міжнародны адукацыйны рух Scholas Occurrentes, які ажыццяўляе адукацыйныя ініцыятывы і мерапрыемствы для моладзі розных веравызнанняў і культур у розных кутках свету.
На думку ініцыятараў, Універсітэт сэнсу — гэта маленькае зярнятка, якое можа стаць вялікім дрэвам, карані якога — у вучэнні Папы Францішка і досведзе Scholas Occurrentes.
У навучанні плануецца выкарыстоўваць мовы навуковых і гуманітарных дысцыплін, мастацтва, тэхналогій і жыццёвага вопыту.
Універсітэт дапаможа студэнтам адрозніваць тое, што проста карысна, ад таго, што неабходна, таму што «не хлебам адзіным жыве чалавек», — гаворыцца ў паведамленні.
З 2015 года адукацыйны рух развівае сувязі з дзяржаўнымі і прыватнымі ўніверсітэтамі. Прадстаўнікі ўніверсітэтаў, якія ўваходзяць у сетку Scholas Occurrentes, дзеляцца сваімі дасягненнямі на штогадовым кангрэсе. У 2020 годзе, у разгар пандэміі каранавірусу, Папа Францішак заклікаў Scholas Occurrentes прапагандаваць ініцыятыву на ўніверсітэцкім узроўні.
Сёння, калі чалавецтва сутыкаецца з новым крызісам, а культура, здаецца, страчвае сваю жыццяздольнасць, «выхоўваць — значыць даследаваць сэнс рэчаў», — патлумачыў тады Святы Айцец.