Прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў канадскі кардынал Марк Уэле пракаментаваў намер стварэння так званай «сінадальнай рады» ў Касцёле ў Германіі.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, насуперак негатыўнаму меркаванню Святога Пасаду, нямецкая ініцыятыва пад назвай «сінадальны шлях», якая не мае нічога супольнага з цяперашнім Сінодам Біскупаў, імкнецца стварыць «сінадальную раду» як орган кіравання супольнасцю каталіцкіх вернікаў.
«Магчыма, гэта практыка іншых Касцёлаў, але не наша. Таму што гэта несумяшчальна з каталіцкай эклезіялогіяй і выключнай роляй біскупаў», — сказаў канадскі іерарх у інтэрв’ю парталу Omnes.
Канадскі іерарх разам з кардыналамі П’етро Паралінам і Луісам Ладарыяй з’яўляецца падпісантам зацверджанага Папам ліста, у якім Святы Пасад перасцерагае Касцёл у Германіі ад стварэння так званай «сінадальнай рады». Мясцовы епіскапат не прыслухаўся да ўказання. Яго старшыня заявіў, што біскупы не адмаўляюцца ад прызначэння Рады і што яны змогуць узгадніць гэтае рашэнне з Кодэксам кананічнага права.
У інтэрв’ю іспанскаму парталу кардынал Уэле таксама негатыўна ацаніў сам нямецкі «сінадальны шлях». На яго думку, гэтая неадназначная ініцыятыва «выклікае падзелы як у Касцёле, так і паміж біскупамі, сее замяшанне сярод народа Божага». Паводле Прэфекта, біскупы павінны мець свабоду навучання і прыняцця рашэнняў.
Варта адзначыць, што падобным чынам пра «сінадальны шлях» у Германіі выказваецца і Папа. У нядаўнім інтэрв’ю агенцтву Associated Press Святы Айцец адзначыў, што ініцыятыва мае выразныя ідэалагічныя рысы. «Небяспека ў тым, — сказаў Папа Францішак, — што ўкрадваецца нешта вельмі ідэалагічнае.
Калі ідэалогія ўваходзіць у касцёльныя працэсы, Дух Святы адыходзіць, таму што ідэалогія пераважае над Ім». Пантыфік не лічыць карысным вопыт Германіі. На яго думку, гаворка ідзе пра занадта элітарны працэс, без рэальнага ўдзелу народа Божага.