23–25 кастрычніка ў Рыме пройдзе сустрэча рэлігійных лідараў і прадстаўнікоў розных народаў і культур, кульмінацыяй якой стане сумесная малітва за мір з удзелам Папы Францішка ў рымскім Калізеі.
«Святы Айцец возьме ўдзел у Малітве за мір з прадстаўнікамі вялікіх сусветных рэлігій, арганізаванай Супольнасцю святога Эгідыя пад назвай „Крык аб міры“, якая адбудзецца ўвечары у аўторак 25 кастрычніка ў Калізеі», — сказаў Матэо Бруні, кіраўнік прэс-службы Святога Псаду, словы якога перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
У форуме будуць браць удзел шматлікія палітычныя і рэлігійныя лідары з розных краін свету, сярод якіх Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, Прэзідэнт Італіі Сэрджо Матарэла, Прэзідэнт Нігера Махамед Базум, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі кардынал Матэо Дзупі, галоўны рабін Францыі Хаім Корсія, генеральны сакратар Сусветнай ісламскай лігі Мухамад бін Абдул Карым Іса.
Праграма форума прадугледжвае дыскусіі і круглыя сталы на тэму экалогіі, міграцыі, вайны ва Украіне, праблем Міжземнамор’я, ядзернага выкліку, супольнага дня святкавання Пасхі.
На сустрэчы будуць прысутнічаць прадстаўнікі 50 краін свету. На цяперашні момант зарэгістраваліся 2500 удзельнікаў.