Пошук

31.08.2021 11:04   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Кардынал Марыё Грэк. Фота: Twitter

Кардынал Марыё Грэк заклікаў кансэкраваных асобаў, якія прысвячаюць сябе сузіральнаму жыццю, маліцца за Сінод Біскупаў, які распачнецца ў кастрычніку на ўзроўні дыяцэзій і завершыцца ў 2023 годзе ў Ватыкане.

«Дарагія браты і сёстры, пакліканыя да манаскага і кантэмпляцыйнага жыцця, Святы Айцец Францішак у сваім вучэнні часта нагадваў усяму Касцёлу пра патрэбу і прыгожасць таго, каб „ісці разам“, распачынаючы сінадальны працэс, які будзе ўключаць „усе ўзроўні жыцця Касцёла“», — перадае словы Генеральнага сакратара Сіноду Біскупаў Беларуская рэдакцыя Vatican News.

Кардынал Грэк адзначыў, што манаскія асобы з’яўляюцца «ахоўнікамі і сведкамі фундаментальнай для сінадальнага працэсу рэальнасці», выражанай трыма словамі: слуханне, навяртанне і адзінства.

«Але прычына, якая падштурхнула мяне напісаць вам у сувязі з набліжэннем адкрыцця сінадальнага працэсу ў кастрычніку, датычыцца іншага слова, якое належыць да самага глыбокага стрыжня вашага паклікання: малітвы», — падкрэсліў ён.

Іерарх нагадаў словы са 134-а псальма, у якім гучыць заклік да левітаў і святароў Ерузалемскага храма «дзень і ноч» благаслаўляць Пана і «ўзносіць рукі свае ў няспыннай малітве». Асобы, якія належаць да манаскіх і кантэмпляцыйных супольнасцяў могуць стаць такімі «левітамі і святарамі з псальму», суправаджаючы малітвай трохгадовы сінадальны перыяд, пазначаны сустрэчамі, сходамі і дыскусіямі, і нагадваючы, «у праслаўленні і заступніцтве, што без адзінства з Богам не можа быць адзінства паміж намі», — сцвердзіў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

«На гэтым этапе сінадальнага шляху я не прашу вас маліцца замест іншых братоў і сясцёр, але нагадваць усім пра духоўнае вымярэнне шляху, які мы распачынаем, каб мелі магчымасць спазнаць дзейнасць Бога ў жыцці Паўсюднага Касцёла і асобных мясцовых Касцёлаў», — напісаў кардынал Марыё Грэк.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця