Сувязь паміж малітвай і еднасцю святых была тэмай катэхезы Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 7 красавіка ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.
Як адзначае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у першую чаргу Пантыфік падкрэсліў, што «калі мы молімся, то не робім гэта ў самоце: нават не думаючы пра гэта, мы занураны ў велічную раку малітоўных ускліканняў, якія апярэджваюць нас і застануцца пасля нас».
Папа распавёў, што ў малітвах, якія сустракаюцца на старонках Бібліі і часта паўтараюцца ў літургіі, можна знайсці след старажытных гісторый, цудоўных вызваленняў, сумных выгнанняў, кранальных вяртанняў, праслаўленняў перад абліччам цудаў стварэння… Гэтыя галасы «перадаюцца з пакалення ў пакаленне», у іх пастаянна пераплятаецца «асабісты досвед з досведам народа і чалавецтва».
Напрыклад, у малітве праслаўлення, асабліва калі яна зыходзіць з сэрцаў малых і пакорных, ёсць нешта ад гімну Magnificat, які Марыя ўзнесла да Бога перад сваёй сваячкай Альжбетай; ці ад словаў старца Сімяона, які, узяўшы на рукі Дзіцятка Езуса, сказаў: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у супакоі» (Лк 2, 29)».
«Кожны раз, калі мы складаем рукі ў малітве і адкрываем сэрца Богу, мы апынаемся сярод святых — невядомых і прызнаных, — якія моляцца разам з намі, заступаюцца за нас як старэйшыя браты і сёстры, што прайшлі праз наш чалавечы досвед», — падкрэсліў Папа Францішак.
Ён зазначыў, што ў Касцёле не бывае жалобы, якая застаецца самотнай, ці слёз, якія праліваюцца ў забыцці, бо ўсё дыхае і ўдзельнічае ў адзінай ласцы. «Невыпадкова ў старажытных святынях могілкі знаходзіліся на прыкасцёльным цвінтары, нібыта кажучы, што ў кожнай Эўхарыстыі пэўным чынам бяруць удзел тыя, хто нам папярэднічаў. Гэта нашыя бацькі, бабулі і дзядулі, хросныя, катэхеты і выхавацелі…», — патлумачыў Святы Айцец.
Ён запэўніў у тым, што святыя заўсёды блізка каля нас, а іх выявы ў касцёлах нагадваюць пра гэтую «хмару сведкаў», якая заўсёды нас акружае. Гэтыя сведкі, якіх мы шануем, скіроўваюць наш позірк да Езуса Хрыста, адзінага Пана і Пасярэдніка паміж Богам і чалавекам. Святыя нагадваюць таксама пра тое, што ў нашым жыцці, «нават калі яно кволае і пазначанае грахом, можа прабіцца святасць», прыкладам чаго з’яўляецца евангельскі Добры злачынца, укрыжаваны побач з Хрыстом і «кананізаваны» Ім жа.
«Ніколі не позна навярнуцца да Пана, добрага і вялікага ў любові», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён нагадаў, што святыя сузіраюць Бога, праслаўляюць Яго, а таксама няспынна клапоцяцца пра тых, каго пакінулі на зямлі. Іх заступніцтва — гэта найвышэйшае служэнне Божай задуме, а мы можам і павінны прасіць іх аб заступніцтве для сябе і ўсяго свету.
«У Хрысце існуе таямнічая салідарнасць паміж тымі, хто перайшоў у іншае жыццё і намі, пілігрымамі ў гэтым жыцці: нашы дарагія памерлыя з неба працягваюць клапаціцца пра нас. Яны моляцца за нас, а мы молімся за іх і разам з імі», — сцвердзіў Папа Францішак.
Гэтую малітоўную сувязь можна спазнаць ужо тут, у зямным жыцці, молячыся адзін за аднаго. Першы спосаб малітвы за кагосьці — гэта распавесці пра яго Богу. «Калі робім гэта рэгулярна, штодзённа, наша сэрца не закрываецца, застаецца адкрытым для братоў. Малітва за іншых — гэта першая форма любові да іх; яна таксама падштурхоўвае нас да канкрэтнай блізкасці», — дадаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што малітва з’яўляецца лепшым спосабам вырашэння канфліктных сітуацый, бо яна змяняе сэрцы і паводзіны.
Пантыфік заўважыў, што ў трывожныя перыяды важна прасіць аб малітве братоў, а ў першую чаргу святых.
«Імя, якое мы атрымалі падчас хросту — гэта не этыкетка ці ўпрыгожанне!
Зазвычай гэта імя Найсвяцейшай Панны, святога ці святой, якія не чакаюць нічога іншага акрамя таго, як дапамагчы нам у жыцці, дапамагчы атрымаць ласкі ад Бога, якія нам патрэбны. Калі ў нашым жыцці выпрабаванні яшчэ не выйшлі праз край, калі мы яшчэ здольныя быць пастаяннымі, калі, нягледзячы ні на што, мы працягваем крочыць наперад з даверам, магчыма ўсё гэта не дзякуючы нашым заслугам, а заступніцтву шматлікіх святых, некаторыя з якіх у небе, а іншыя — як і мы, пілігрымы на зямлі, што абараняюць і суправаджаюць нас…», — сказаў Папа Францішак.