Пошук

18.09.2020 11:56   Паводле: Vatican News
Фота: Theprint.in

Папа Францішак падзякаваў пажылым і хворым італьянскім святарам за сведчанне вернай любові да Бога і Касцёла, заклікаў іх не баяцца пакутаў, якія вядуць да святасці жыцця.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, 17 верасня Пантыфік скіраваў пасланне з нагоды Дня малітвы і братэрства з пажылымі і хворымі святарамі ў італьянскай Ламбардыі. Ініцыятыва праводзіцца ў Касцёле на поўначы Італіі з 2014 г. Яе галоўныя набажэнствы праходзяць у санктуарыі Маці Божай з Караваджа пры ўдзеле біскупаў і духавенства рэгіёна.

Святы Айцец высока ацаніў увагу пастыраў да самай уразлівай часткі прэзбітэрату.

Пажылыя і хворыя святары, паводле Папы, здзяйсняюць важнае служэнне ў Касцёле праз сваю малітву, уменне слухаць, ахвяраванне пакутаў.

«Дзякуй за сведчанне вернай любові да Бога і Касцёла. Дзякуй за маўклівае абвяшчэнне Евангелля жыцця. Дзякуй за тое, што з’яўляецеся жывой памяццю, да якой неабходна звяртацца, каб будаваць заўтрашні дзень Касцёла», — напісаў ён.

Пантыфік спаслаўся на цяжкасці, выкліканыя пандэміяй і звязаныя з доўгім знаходжаннем у замкнёнай прасторы, страхам заражэння, усведамленнем уласнай неабароненасці. Папа выказаў спадзяванне, што гэты перыяд навучыць цаніць час, падораны нам, адчуваць смак сустрэчы з іншымі людзьмі; дапаможа аздаравіцца ад вірусу самадастатковасці. «Не забудзем гэты ўрок!» — заклікаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён падкрэсліў, што пакуты ў жыцці святара, калі перажываюцца з позіркам, скіраваным да Бога, могуць служыць духоўнаму ачышчэнню і асвячэнню.

«Не будзем баяцца пакутаў: Пан нясе крыж разам з намі»,— запэўніў Святы Айцец.

Абноўлена 18.09.2020 11:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця