Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 лютага прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак благаславіў паходню, якая будзе пілігрымаваць па гарадах, звязаных з асобай святога Бэнэдыкта — айца заходняга манаства і нябеснага апекуна Еўропы.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на традыцыйнай агульнай аўдыенцыі Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі штогадовай ініцыятывы Pro Pace et Europa Una («За мір і адзіную Еўропу»). У яе межах з 22 лютага па 21 сакавіка пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя святому Бэнэдыкту.
Акцыя пачнецца 22 лютага ў італьянскай Норчы (старадаўняй Нурсіі) — родным горадзе апекуна Еўропы, які моцна пацярпеў ад землятрусу ў 2016 годзе. Перад мясцовай базылікай благаслаўлёны Папам агонь будзе змешчаны ў адмысловай Бэнэдыктынскай паходні.
На працягу наступных тыдняў ён наведае Будапешт, дзе адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў усіх бэнэдыктынскіх супольнасцяў краіны, а таксама італьянскія гарады Суб’яка і Касіна, звязаныя з жыццём і дзейнасцю святога Бэнэдыкта. Заключныя мерапрыемствы ініцыятывы — навуковыя, музычныя і культурныя — пройдуць 20–21 сакавіка ў знакамітым італьянскім абацтве Монтэ-Касіна.
Паходня, якая носіць імя святога Бэнэдыкта, з’яўляецца сімвалам братэрства і міру, заснаваных на Евангеллі, і запальваецца ў знак закліку да знішчэння палітычных, ідэалагічных і рэлігійных бар’ераў.
Традыцыя нарадзілася пасля таго, як у 1964 годзе Папа Павел VI абвясціў святога Бэнэдыкта нябесным заступнікам Еўропы.