Пошук

17.06.2019 11:03   Тэрэса Клімовіч / Фота: Ганна Абаева / Catholic.by

15 чэрвеня ў Мінскім тэалагічным каледжы святога Яна Хрысціцеля ўрачыста завяршыўся чарговы навучальны год.

Для выпускнікоў гэты дзень стаў днём атрымання дыпломаў аб заканчэнні гэтай каталіцкай навучальнай установы і развітання з каледжам.

Цырымонія завяршэння навучальнага года распачалася супольнай малітвай на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў дырэктар каледжа кс. канонік Ян Крэміс у капліцы Ахвяравання Пана пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Місіі добрага самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай.

Другі курс, адказны за музычнае суправаджэнне літургіі, прысвяціў падрыхтоўцы спеваў не адну рэпетыцыю і вылучыў сваіх лепшых харыстаў.

Урачыстае ўручэнне дыпломаў, якому папярэднічала пахвальнае слова дырэктара каледжа ў адрас дзесяці выпускнікоў, стала працягам святкавання.

Паводле абранага профілю навучання, сёлетні выпуск складаўся з двух кантараў, адной супрацоўніцы каталіцкіх СМІ і сямі катэхетаў.

Кс. доктар Ян Крэміс нагадаў, што дзверы каледжа заўсёды адчынены для іх, нягледзячы на тое, што навучанне скончылася.

Тэатралізаванае віншаванне пад назвай «Дзесяць гранул для сэрца» падрыхтавалі ў гонар выпускнікоў студэнты першага курса. Вельмі дасціпна і з гумарам удзельнікі нагадалі гледачам, дзе варта шукаць лек ад сардэчнага болю і незразумелай трывогі. Выпускнікі атрымалі ў падарунак гэтыя цудоўныя «гранулы» — пацеркі ружанца — разам з «інструкцыяй» па іх выкарыстанні.

Уручэнне дыпломаў — момант радасны, але адначасова і крыху сумны. У выпускнога курса назбіралася шмат успамінаў і цёплых словаў падзякі для кожнага выкладчыка, з якімі давялося сустрэцца на працягу трох гадоў навучання.

Але нават доўгімі прамовамі немагчыма затрымаць час. Як навучанне ў каледжы, завяршылася і заключная цырымонія, апошняй часткай якой стаў смачны пачастунак.

 

Абноўлена 17.06.2019 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.