26 мая ў найстарэйшую святыню Гродна — касцёл Aдшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) — былі ўрачыста ўнесены рэліквіі бл. Ежы Папялушкі, святара і мучаніка.
Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, Эўхарыстыю і цырымонію ўнясення рэліквій узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Падчас Імшы група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі засяродзіў увагу на асобе бл. Ежы, які стане блізкім для вернікаў гэтай парафіі праз прысутнасць яго рэліквій. Іерарх падкрэсліў, што гэты благаслаўлёны мучанік блізкі кожнаму праз сваю прастату і любоў да людзей.
Біскуп адзначыў, што Ежы Папялушка ніколі не заклікаў да нянавісці і нават не меў нянавісці да тых, хто стаў прычынай яго смерці, а спрабаваў да канца перамагаць зло дабром.
Тых, хто прыняў у гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, іерарх заахвоціў, каб дэвізам іх жыцця заўсёды былі словы «Перамагай зло дабром». Ён прасіў асабліва моладзь заўсёды быць адважнай у тым, каб даваць кожны дзень яскравае сведчанне сваёй прыналежнасці да Хрыста і Яго Касцёла, а таксама быць здольнай захаваць скарб веры і перадаць наступным пакаленням.
На заканчэнне літургіі вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёнага Ежы Папялушкі.
Kсёндз Ежы Папялушка нарадзіўся 14 верасня 1947 г. у вёсцы Акопы на Беласточчыне (Польшча). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 28 мая 1972 г. у варшаўскай архікатэдры з рук Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышыньскага. Служыў у парафіі св. Станіслава Косткі ў Варшаве. Імшы за Айчыну, якія ён цэлебраваў, збіралі тысячы людзей.
Быў абаронцам чалавечай годнасці, правоў чалавека на свабоду, справядлівасць, любоў і праўду, а таксама вестуном навучання, што зло належыць перамагаць дабром.
19 кастрычніка 1984 г. «святар салідарнасці» быў выкрадзены і забіты функцыянерамі Службы бяспекі. Пахаванне кс. Папялушкі сабрала натоўпы людзей. Яго магіла знаходзіцца ля касцёла св. Станіслава Косткі ў Варшаве і з’яўляецца мэтай пілігрымак шматлікіх вернікаў. Быў беатыфікаваны 6 чэрвеня 2010 г. у Варшаве.