Пошук

10.05.2019 15:40   Тэкст: Фаіна Малюжэнец / Фота: Данііл Сакевіч / Catholic.by

5 мая ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася цырымонія прыняцця 11 хлопцаў і дзяўчат у «Рух чыстых сэрцаў».

Перад алтаром яны далі абяцанні чыстасці да сужэнства, моманту прэзбітэрскага пасвячэння ці ўступлення ў манаскае жыццё. Гэта азначае, што шостая Божая запаведзь з гэтага часу для іх не пусты гук.

Чыстых людзей Бог благаслаўляе. Таму ў гэты дзень моладзь нібы заключыла дамову з Панам, штосьці накшталт «дамовы» Аўрама і Бога і словаў Езуса ў Евангеллі: «усё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё» (Ян 17, 10).

У дадзеным выпадку гэта гучыць так: калі я даверуся Богу, я атрымаю ўсё Божае Валадарства і з гэтага часу мяне будзе суправаджаць пачуццё прысутнасці Бога ў маім жыцці.

Маці Тэрэза з Калькуты звярталася да моладзі такімі словамі: «Тое, што ты любіш дзяўчыну, або тое, што ты любіш хлопца — гэта прыгожа. Але не сапсуй гэтага. Захавай сваю любоў чыстай. Захавай сваю любоў некранутай, каб у дзень шлюбу мець тое прыгожае для ахвяравання адно аднаму... радасць чыстай любові».

 

На жаль, гэтую вялікую рэч большасць маладых людзей, нашых сучаснікаў, не разумее. Сённяшні свет не прымае вартасці дзявоцтва. У гэтым сэнсе моладзь амаль што не бачыць добрага прыкладу з боку бацькоў, сяброў, калег. Маладыя паддаюцца ціску нашага жорсткага свету. Таму маем тое, што пасеялі.

Гэтыя ж 11 чалавек іншыя, яны даверылі Богу не толькі сябе, але і сваіх будучых мужоў і жонак. Бог благаславіць і гэтых людзей, а таксама дасць сілы тым, хто абярэ святарства ці манаскае жыццё.

Падчас цырымоніі ў навагрудскім касцёле маладым людзям на безыменныя пальцы правай рукі, дзе звычайна носяць заручальныя пярсцёнкі, былі адзеты пярсцёнкі з надпісам на англійскай мове «сапраўдная любоў чакае».

Іх адзявалі самыя блізкія людзі — дзяўчатам таты, хлопцам мамы, у некаторых выпадках проста родныя.

Пярсцёнак — гэта бачны знак, сведчанне і напамін. Патрэбна мужнасць, каб яго не саромецца і насіць, не здымаючы. Бо пытанняў наконт гэтага пярсцёнка будзе шмат. Ён будзе заменены на заручальны толькі ў момант прыняцця сакрамэнту сужэнства, таму пэўны час моладзі трэба будзе адважна адказваць на ўсе пытанні.

Святы Ян Павел ІІ сказаў маладым: «Цывілізацыя смерці хоча знішчыць чысціню сэрца. Адзін са спосабаў гэтага дзеяння — мэтазгоднае паддаванне пад сумнеў паставы чалавека, якую мы вызначаем як цнота чыстасці. Гэтая з’ява асабліва небяспечная, калі мэтай нападу становяцца адчувальныя сумленні дзяцей і падлеткаў.

Цывілізацыя, якая, такім чынам, раніць або нават забівае правільнае стаўленне чалавека да чалавека, з’яўляецца цывілізацыяй смерці, таму што чалавек не можа жыць без сапраўднай любові».

«Рух чыстых сэрцаў» — супольнасць маладых людзей, каму блізкія словы Пана Езуса: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць». Удзельнікі Руху жывуць духам гэтага благаслаўлення праз захаванне Божых запаведзяў, малітву, прыступанне да святых сакрамэнтаў.

Абноўлена 10.05.2019 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.