4 сакавіка адбылася адпустовая ўрачыстасць у маладой парафіі св. Казіміра ў Брэсце.
Парафія існуе з 21 чэрвеня 2018 года і налічвае каля 200 сем’яў. Вернікі гэтай парафіі пакуль не маюць сваёй святыні, але няспынна моляцца праз заступніцтва св. Казіміра, каб як найхутчэй змаглі пабудаваць касцёл у мікрараёне Вулька. Разам са сваім пробашчам кс. Антонам Анціпенкам яны збіраюцца на святую Імшу ў гатэлі «Хілтан» і ў гэтым жа месцы мелі магчымасць святкаваць першы ў гісторыі маладой парафіі фэст у гонар яе апекуна св. Казіміра.
Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, у ёй удзельнічалі святары з Брэсцкага дэканату, сёстры законныя і шматлікія вернікі.
У гаміліі біскуп распавёў пра асобу святога Казіміра, звяртаючы ўвагу на два галоўныя аспекты яго жыцця — Эўхарыстыю і культ Маці Божай. Іерарх падкрэсліў важнасць таго, каб наследаваць св. Казіміра, а таксама Найсвяцейшую Панну ў шматлікіх цнотах, а найперш прасіць аб дапамозе вытрываць у чысціні.
Звяртаючыся да моладзі, біскуп падкрэсліў вялікую каштоўнасць жыцця ў чысціні і заклікаў маліцца, каб іншы чалавек, з якім прагнуць злучыць сваё жыццё і ўтварыць сям’ю, не быў распусны, але гатовы да дару з самога сябе і прыняцця дару іншага, каб маладыя людзі звярталі ўвагу на цноту чысціні да шлюбу.
Усім сабраным парафіянам і пробашчу кс. Антонію Анціпенку біскуп падзякаваў за клопат у арганізацыі маладой парафіі, а таксама благаславіў жаданне вернікаў пабудаваць касцёл св. Казіміра ў мікрараёне Вулька на 1000-годдзе г. Брэста.