Пошук

05.02.2019 12:37   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Фота: Ангеліна Марцішэўская

4 лютага ў Гродне адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на партале Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, сустрэча законнікаў і законніц Гродзеншчыны была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца з волі Святога Айца Яна Паўла ІІ у свята Ахвяравання Пана. Сёлета гэты дзень прайшоў ужо ў 23-і раз.

Сустрэча распачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім), дзе, як адна сям’я, сабраліся айцы і сёстры, якія належаць да розных ордэнаў, супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця.

Яны разам дзякавалі Богу за дар, якім з’яўляецца манаскае жыццё для паўсюднага Касцёла, для мясцовага Касцёла на Гродзеншчыне, а таксама для саміх кансэкраваных асобаў і ўсяго свету.

У межах сустрэчы прысутныя выслухалі духоўнае настаўленне, якое прамовіў а. Андрэй Урублеўскі CSsR і ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Кульмінацыяй сустрэчы стала св. Імша ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з ім канцэлебравалі дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі і законнае духавенства.

Падтрымаць малітвай усіх кансэкраваных асобаў дыяцэзіі прыбылі шматлікія жыхары горада Гродна. Для іх гэта была таксама нагода малітоўна падзякаваць айцам і сёстрам за іх жыццё, пакліканне і ўдзел у місіі Касцёла, за сведчанне веры і любові да Хрыста, за іх творчую прысутнасць і ўнёсак у справу евангелізацыі, якую яны здзяйсняюць сярод вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.

На пачатку літургіі біскуп Кашкевіч благаславіў запаленыя грамнічныя свечкі, а потым праз катэдру вырушыла працэсія кансэкраваных асобаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што праз прыняцце манаскіх абяцанняў кансэкраваныя асобы прысвячаюць саміх сябе Богу, складаюць у ахвяру ўсё сваё жыццё, каб яшчэ лепш і больш верна служыць Касцёлу і чалавеку.

Пастыр дыяцэзіі таксама падзякаваў за вялікі ўнёсак законнікаў і законніц, які яны робяць у душпастырства дзяцей, моладзі, дарослых, хворых і церпячых і ўсіх тых, сярод каго кансэкраваныя асобы жывуць.

«Гэта нябачная, але вельмі паспяховая падтрымка: унутранае багацце Касцёла, яго вечны духоўны набытак», — дадаў біскуп.

Па словах іерарха, разнастайнасцю харызмаў і манаскіх традыцый яны ўзбагачаюць мясцовы Касцёл.

«Дзякуючы вашай прысутнасці ў нас ёсць магчымасць пастаянна вучыцца і расці ў еднасці і разнастайнасці», — сцвердзіў іерарх.

Падчас св. Імшы ўсе кансэкраваныя асобы з запаленымі грамніцамі ў руках аднавілі манаскія абяцанні: чыстасці, убоства і паслухмянасці. Аднаўляючы абяцанні, яны запэўнілі, што і далей будуць з вялікай руплівасцю служыць Касцёлу і ўсім вернікам.

У Гродзенскай дыяцэзіі сёння дзейнічаюць 14 мужчынскіх ордэнаў і манаскіх супольнасцяў. Жаночых — 21, сёстры пяці з іх не носяць традыцыйнага манаскага адзення — габіту. Ёсць таксама некалькі кансэкраваных удоваў і паннаў.

Абноўлена 05.02.2019 12:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа