31 студзеня, перад святам Ахвяравання Пана, адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі. Спецыяльнай нагодай для сустрэчы было сумеснае перажыванне Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца на свята Ахвяравання Пана.
Сустрэча прайшла ў Баранавічах у доме айцоў вербістаў.
Менавіта гэты горад адзначаецца ў Пінскай дыяцэзіі найбольшым прадстаўніцтвам манаскіх супольнасцяў: айцоў вербістаў, сясцёр місіянерак Святой Сям’і, сясцёр ад Святых Анёлаў.
Падчас святой Імшы біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся са словамі падзякі да манаскіх супольнасцяў, якія служаць у дыяцэзіі. Іерарх не толькі ўзгадаў заслугі кансэкраваных асобаў у цяперашняй руплівай працы ў парафіях, але таксама заахвоціў не забываць ва ўдзячных малітвах пра тых, хто служыў Богу і людзям у часы атэістычных пераследаў і клапаціўся пра адраджэнне Касцёла ў апошнія дзесяцігоддзі.
Кансэкраваныя асобы на заканчэнне супольнай Эўхарыстыі прамовілі ў прысутнасці біскупа адмысловую малітву прысвячэння і аднавілі манаскія абяцанні.