Пошук

03.01.2019 12:13   Тэкст і фота: Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Сяргей Гаравы / Catholic.by

У апошнія хвіліны адыходзячага 2018 года ў магілёўскім конкатэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбылося набажэнства перапрашэння, падзякі і просьбы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

За гадзіну да Новага года ў святыні распачалася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Гамілію падчас апошняй Эўхарыстыі мінулага года прамовіў кс. дэкан Віталій Маргуноў, пробашч катэдральнай парафіі ў Магілёве. Святар падкрэсліў, як важна ўсведамляць сабе тое, што мы з’яўляемся дзецьмі Бога і Яго спадкаемцамі.

«Бог хоча ўжо цяпер аддаць прызначаную нам спадчыну. Нам жа трэба толькі прыняць гэты нічым не заслужаны дар», — зазначыў кс. Віталій.

Напрыканцы св. Імшы яе ўдзельнікі праспявалі гімн Te Deum, праслаўляючы Бога за Яго любоў да чалавецтва. Завяршылася цэлебрацыя благаслаўленнем на чатыры бакі свету, якое апоўначы ўдзяліў біскуп Яшэўскі.

Пасля гэтага іерарх павіншаваў усіх прысутных у касцёле вернікаў, пажадаўшы ім у Новым годзе ніколі не губляць надзею.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця