Пошук

12.11.2018 08:00   Андрэй Юхнік / Фота: grodnensis.by / Catholic.by

8–9 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання — асаблівы час роздуму над сваім пакліканнем і сустрэчы з жывым Хрыстом.

Традыцыйна дзень засяроджання распачаўся гімнам да Святога Духа «Veni Creator Spiritus» і Камплетай, падчас якой духоўны кіраўнік кс. Павел Беланос, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах, звярнуўся да семінарыстаў са словамі: «Чарговы дзень засяроджання — чарговая магчымасць навяртання».

Святар закрануў тэму Божай міласэрнасці і няспыннага прабывання ў стане асвячальнай ласкі, разважаючы над прыпавесцю пра марнатраўнага сына. «Мы павінны ісці да споведзі не столькі каб атрымаць адпушчэнне грахоў, а каб вярнуць сабе годнасць быць дзіцём Бога», — падсумаваў святар. Асобную ўвагу ён прысвяціў разважанню над пакліканнем да святарства і крызісамі, якія можна напаткаць на гэтым шляху.

Семінарысты мелі магчымасць паразважаць над пачутым у цішыні падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, паразмаўляць з Богам у індывідуальнай малітве і прыступіць да сакрамэнту паяднання.

Кульмінацыяй стала святая Імша — сустрэча з Эўхарыстычным Хрыстом, — да якой супольнасць семінарыі рыхтавалася ўвесь дзень.

У гаміліі кс. Павел Беланос нагадаў пра Хрыста, які кліча нас да святасці, у «новы Ерузалем», а таксама заахвоціў не адкладаць працу над сваім жыццём на пазней, а змяняць яго адразу з дапамогай Усемагутнага Бога. Напрыканцы Эўхарыстыі святар пажадаў семінарыстам поспехаў ва ўзбіранні на «сваю гару Табор», дзе мы сустракаемся з Езусам Хрыстом.

Абноўлена 12.11.2018 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.