30 кастрычніка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбылася ружанцовая малітва моладзі за моладзь.
Малітоўная сустрэча, у якой прынялі ўдзел маладыя людзі з розных парафій горада і навакольных мясцін, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам дзякавалі Богу за Сінод Біскупаў, які прайшоў у Рыме і быў прысвечаны справам моладзі, і прасілі аб духоўных плёнах гэтага форуму.
Ідэя арганізацыі сустрэчы нарадзілася сярод маладых каталіцкіх скаўтаў. Яны выступілі з ініцыятывай з’яднаць моладзь горада на супольнай малітве.
«Сёння моладзь прагне служыць у Касцёле, быць адкрытай на заклік папы Францішка, браць актыўны ўдзел у жыцці Паўсюднага Касцёла і выходзіць на перыферыю, каб данесці радасць, якую дае нам Езус», — адзначыў скаўт Алег Сенкель. Па словах маладога чалавека, малітва Ружанца заўсёды актуальная. «Падобныя сустрэчы дадаюць нам сілы і адвагі, каб крочыць дарогай веры і праўды, што дае радасць, якой можам дзяліцца», — сказаў ён.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч перад пачаткам ружанцовай малітвы звярнуўся да моладзі, якая стварыла ружанец са свечак. Іерарх адзначыў, што малітва на ружанцы вучыць разважаць над таямніцамі з жыцця Езуса і Марыі, а праз гэтыя разважанні адкрывае сэрцы на Евангелле — Добрую Навіну аб збаўленні.
Біскуп нагадаў, што бягучы душпастырскі год у Касцёле ў Беларусі прысвечаны моладзі, якая з’яўляецца будучыняй Касцёла і яго заўтрашнім днём.
«Мы хочам, каб будучыня Касцёла на нашых землях была шчаслівая, каб моцна запусціла карані ў хрысціянскую спадчыну папярэдніх пакаленняў, каб была ўзведзена на трывалым фундаменце евангельскіх каштоўнасцяў», — сказаў іерарх.
Біскуп пажадаў, каб гэтая ружанцовая малітва сталася духоўнай дапамогай для ўсёй моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Ён заклікаў усіх прысутных у святыні ахвяраваць гэтую малітву за маладых людзей Касцёла на Гродзеншчыне і ўсяго свету, а асабліва прасіў маліцца за тую моладзь, якая страціла сваю веру або толькі пачала яе шукаць.
Таксама біскуп заахвоціў маліцца за моладзь, якая адышла ад Касцёла або яшчэ не знайшла дарогі да яго. Асаблівым чынам ён прасіў агарнуць малітвай маладых людзей, зняволеных алкагалізмам, наркаманіяй, парнаграфіяй, азартнымі гульнямі, а таксама тых, што знаходзяцца ў канфлікце з законам, ствараючы для бацькоў і настаўнікаў выхаваўчыя праблемы.
«Няхай Езус Хрыстус, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё, удзеліць кожнаму маладому чалавеку патрэбныя ласкі і дары, няхай вядзе кожнага шляхамі штодзённасці да паўнаты жыцця ў гэтым свеце і да радасці вечнага збаўлення», — пажадаў іерарх.
На заканчэнне біскуп удзяліў моладзі благаслаўленне і падзякаваў за «жывы букет ружаў у постаці малітвы, узнесены да Маці Божай».