Пошук

17.10.2018 12:44   Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

16 кастрычніка ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбыліся набажэнства і ўрачысты канцэрт з нагоды 40-й гадавіны абрання Яна Паўла II на пасад св. Пятра.

Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на трох момантах з жыцця святога Папы. Першы адносіўся да жыцця Караля Вайтылы ў Кракаве, дзе будучы Папа стаў сведкам таго, як гестапаўцы забіралі святароў у канцлагер. Ён пытаўся сябе тады: «Што нас чакае? Што будзе з намі? Што будзе са мной?..» Гэтае пытанне і адказ, дадзены на яго маладым Каралем, на думку біскупа Яшэўскага, павінны заахвоціць цаніць святароў і іх служэнне.

Па-другое, пастыр Касцёла на Магілёўшчыне заахвоціў вернікаў аддацца ў апеку Марыі па прыкладу св. Яна Паўла ІІ, які зрабіў гэта цалкам і на ўсё жыццё, выбраўшы сваім біскупскім дэвізам словы: Totus Tuus — «Увесь Твой».

Акрамя таго, іерарх звярнуў увагу на глыбокую пашану Вялікага Папы да Эўхарыстыі:

«Той пашане, з якой ён адносіўся да Езуса Эўхарыстычнага, належыць навучыцца і нам, каб яшчэ больш і глыбей спазнаць, што найбольш святое, што маем на зямлі — гэта Езус», — сказаў на заканчэнне біскуп Яшэўскі.

Падчас канцэрта рэлігійныя і народныя песні выканаў польскі гурт Tekla Klebetnica («Вясковая пляткарка»), запрошаны Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскім інстытутам у Мінску. Прагучалі, між іншым, улюбёныя песні святога Яна Паўла ІІ, гуральскія народныя мелодыі і ўласныя кампазіцыі гурта.

 
Абноўлена 17.10.2018 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця