9 верасня ў парафіі ў Бялынічах адсвяткавалі ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.
З кожным годам урачыстасці ў Бялынічах збіраюць усё большую колькасць пілігрымаў. Ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю сёлета сабраліся вернікі з розных мясцін Беларусі: з Бабруйска, Мінска, Асіповічаў, Талочына, Рубяжэвічаў, Дзяржынска, Крывічоў, Ракава, Гродна, Фашчаўкі, Маладзечна, Вілейкі.
Асобна ў Бялынічы прыбыла пешая пілігрымка з Магілёва.
Святую Імшу падчас урачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У сваёй гаміліі іерарх, цытуючы верш паэтэсы Габрыэлі Пузыні, узгадаў гісторыю з’яўлення шмат стагоддзяў таму святыні і абраза Маці Божай Бялыніцкай на Магілёўшчыне:
Што ж там бялее на фоне нябёсаў,
Што ззяе ў золаце сонечных косаў?
Куды вядзе той гасцінец-дарога?
— То да святыні, услаўленай цудам,
Ўзнесенай некалі з вераю людам
На чэсць Марыі — на хвалу Бога!
Ласкаў скарбніца, долі слязніца,
Крыло, «пад якое ўцякаем», таксама
Сястра Жыровіцаў, Вострае Брамы,
Яснай Гары, што над імі святліцца...
Біскуп прыгадаў росквіт культу цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і пашаны да Маці Божай, а таксама знішчэнне рукамі няверуючых святыні ў гэтым месцы.
«Змяняліся пакаленні, але нязменнай засталася матчыная апека над нашым краем», – адзначыў іерарх.
«Нават тады, калі вецер перамен попелам засыпаў дарогу да касцёла, як Фенікс з попелу, адраджалася вера, паўставала новая святыня. Вера перадавалася дарогай крыві пры нараджэнні і пралітай мучанікамі за веру», – дадаў біскуп.
«Узгаданы намі час – гэта змены і перамены, адыходы і знішчэнні, нараджэнні і сыходы – час таксама новага пакалення. Гэта ваш час, дарагая моладзь, наша надзея, будучыня Касцёла і грамадства, будучыня свету і чалавецтва», – дадаў іерарх.
Біскуп Юзаф падкрэсліў, што Божая прысутнасць у гісторыях нашага жыцця з’яўляецца жывой крыніцай чалавечай сілы. Божая прысутнасць адчуваецца ў Божым слове і Эўхарыстыі, а нам трэба адчыніць дзверы Хрысту, Які ідзе.
«Ці адкрылі вы ўжо сэрцы на Хрыста? Калі так, то таксама павінны ведаць, што Ён многімі адкідваецца і высмейваецца. Таму, калі ў будаванні дома вашага жыцця вы сустрэнеце тых, якія пагарджаюць Евангеллем, не губляйце ахвоту. Наша вера ў Езуса павінна часта супрацьстаяць нявер’ю іншых, каб загартавацца і стаць нашай верай назаўсёды».
На заканчэнне гаміліі біскуп звярнуўся да пілігрымаў.
«Няхай Прачыстая Дзева Марыя дасць вам адчуць сэрцам гэтую цудоўную мелодыю прысутнасці Бога, гэтую атмасферу міру і любові. Няхай Марыя паспрыяе, каб гэтая атмасфера „чароўнай Божай мелодыі“ напоўніла цябе, а ты, напоўнены ёю, вяртаўся і Божую любоў перанёс у сваё жыццё і жыццё нашай Беларусі».