Пошук

28.08.2018 17:12   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

Прадстаўнікі галін Салезіянскай сям’і і ўсіх груп салезіянскіх араторыяў Беларусі 25 жніўня сустрэліся ў Мінску, каб абмеркаваць план дзейнасці на наступны навучальны год.

Сустрэча сабрала ў сталіцы святароў, сясцёр, салезіянаў-супрацоўнікаў, членаў ADMA-сям’і, аніматараў, удзельнікаў «Савіо-клуба» і іншых груп, якія кіруюцца ў сваёй дзейнасці салезіянскай духоўнасцю.

Рада араторыяў — так называецца гэты дарадчы орган — прааналізвала мінулагоднія сустрэчы і акцыі і, улічыўшы ўсе станоўчыя і адмоўныя моманты, прыняла рашэнне аб правядзенні ў новым навучальным годзе некаторых акцый у новым фармаце.

Гэты год распачнецца пад новым дэвізам Генеральнага настаяцеля Салезіянскай сям’і — «Святасць таксама для цябе», які прэзентаваў сабраным кс. Алег Каралёў SDB. Прыярытэтнымі сярод іншых, як гэта было і раней, будуць сустрэчы з моладдзю, скіраваныя на распазнанне паклікання і збаўленне душы.

Як і ў мінулыя гады, моладзь чакаюць сустрэчы для хлопцаў і дзяўчат ProVocatio — «Дзеля паклікання». Гэта сустрэчы, якія правакуюць, абуджаюць, ствараюць умовы для разважання над сваім пакліканнем у шырокім сэнсе гэтага слова: сям’я, манаства і так далей, і ў больш вузкім: для жадаючых будуць асобныя сустрэчы, скіраваныя на манаскае і святарскае пакліканне.

Плануецца правядзенне РДС-рэкалекцый, прысвечаных «Разважанням аб добрай смерці», якія даюць магчымасць духоўнага ўзрастання і споведзі, скіроўваюць увагу на клопат аб асабістым збаўленні і гатоўнасць у любы момант сустрэцца з Панам. Таксама ўжо добрай традыцыяй сталі Дні салезіянскай моладзі (СДМ), Дзень еднасці Салезіянскай сям’і, СМЕП — салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка і іншыя акцыі.

Расклад і праграмы паасобных мерапрыемстваў будуць падавацца ў адпаведны час: сачыце за аб’явамі на каталіцкіх рэсурсах, у тым ліку на сайце sdb.by і ў сацыяльных сетках.

 

Абноўлена 01.02.2022 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця