З 30 ліпеня па 2 жніўня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню жыццёвага паклікання. Больш за 40 юнакоў сустрэліся, каб разважаць над тэмай «Моцныя ў Хрысце».
Створаныя ў семінарыі ўмовы — разважанне над Божым cловам, святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, сустрэчы ў групах, канферэнцыі, адпачынак на Аўгустоўскім канале і шмат іншага — спрыялі таму, каб удзельнікі сустрэчы адчулі тую атмасферу, якая пануе падчас духоўнай фармацыі будучых святароў. Юнакі таксама мелі магчымасць даведацца пра штодзённае жыццё семінарыстаў, задаць розныя пытанні падчас індывідуальных канферэнцый і размоваў з душпастырам пакліканняў.
Арганізатары маюць надзею, што для юнакоў гэтыя рэкалекцыі сталі добрай нагодай, каб глыбей пазнаць саміх сябе, аднавіць сувязь з Хрыстом і зразумець, што Бог для кожнага чалавека падрыхтаваў асабісты і непаўторны шлях да святасці.