20 ліпеня моладзь з навагрудскай парафіі св. Міхала Арханёла (і не толькі) здзейсніла падарожжа на байдарках па рацэ Нёман з г.п. Любча да маста, які знаходзіцца непадалёк ад г. Іўе.
Вандроўка па вадзе заняла каля васьмі гадзін, на працягу якіх удзельнікі падарожжа разам пераадолелі каля 40 кіламетраў. Падарожжу папярэднічалі інструктаж па бяспечных паводзінах на вадзе і супольная малітва. Каманда з дзевяці чалавек каля сёмай гадзіны раніцы выплыла з месца, дзе знаходзіцца дом паляўнічага ў Любчы.
Удзельнікі сплаву дзеляцца сваімі ўражаннямі:
Марк Крывіцкі: Для мяне асабіста гэтая вандроўка стала незабыўным досведам. Фантастычная, багатая прырода нашай краіны, а таксама атмасфера гармоніі сусвету, якая супакойвае. Такія вандроўкі больш яднаюць людзей, і гэта — цудоўна!
Данііл Сакевіч: Я плаваў на байдарцы першы раз у жыцці, і яшчэ на такую вялікую дыстанцыю! Мне больш за ўсё спадабалася наша каманда і атмасфера, якая панавала падчас падарожжа па Нёману.
Моладзь вельмі ўдзячная ўсім тым, хто дапамог арганізаваць гэтае падарожжа, а асабліва Анатолю Маславу за пазыку байдарак, Віктару Лысаму за правоз байдарак і інвентара, любчанскаму ляснічаму Андрэю Кушалю, Яну Закрэўскаму і Сільвестру Булько за дастаўку людзей.