2 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшоў VIII Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.
У сустрэчы прынялі ўдзел дзеці з парафій Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэча прайшла пад дэвізам «Будзь дзіцём Бога».
Свята рыхтавалі каля 120 валанцёраў.
Мэтай сустрэчы было нагадаць дзецям, што кожны чалавек незалежна ад узросту з’яўляецца дзіцём Бога, які ўсіх любіць аднолькава.
Цырульніцкі салон, маляванне на тварах, творчая майстэрня, батуты, надзіманыя горкі — гэта толькі частка забаў, якія былі арганізаваны на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці.
Праграму на сцэне вялі героі мультфільма «Шчанячы патруль».
Распачала свята ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з галоўным арганізатарам кс. Юрыем Марціновічам іерарх пажадаў дзецям, каб гэты дзень яшчэ больш наблізіў іх да Бога.