3 чэрвеня католікі Магілёва далі сведчанне сваёй веры ў жывую і рэальную прысутнасць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Вернікі ўсіх чатырох парафій горада на Дняпры са сваімі душпастырамі прынялі ўдзел у св. Імшы, якая адбылася ў катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці.
Падчас Імшы іерарх маліўся ў інтэнцыі адраджэння веры на магілёўскай зямлі, аб глыбокім жыцці Эўхарыстыяй для кожнага верніка, аб тым, каб было дастаткова служыцеляў Ахвяры Хрыста, якія будуць здзяйсняць яе на алтарах нашай Бацькаўшчыны, а асабліва на ўсходніх яе тэрыторыях.
У сваёй гаміліі біскуп адзначыў што ў гэтую ўрачыстасць Хрыстус, які прысутнічае ў Эўхарыстыі, выходзіць са святыняў, каб быць праслаўленым і па-за іх сценамі.
«Працэсія нагадвае нам, што там, куды мы нясем Найсвяцейшы Сакрамэнт, павінна быць месца для Езуса.
Гэта значыць у нашым жыцці, сярод тых справаў і клопатаў, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень. Езус хоча быць на нашых вуліцах і ў нашых дамах. Усюды! Ён хоча быць усюды і праз сапраўднае сведчанне нашага хрысціянскага жыцця», — падкрэсліў біскуп Аляксандр.
Ён таксама выказаў пажаданне, каб удзел у св. Імшы перамяняў вернікаў у маленькія гостыі, якія злучаюцца з вялікай Гостыяй — Хрыстом.
«Мы ўсе павінны стаць гостыяй для іншых, гостыяй у школе, на працы, у інстытутах, сем’ях. Мы павінны стаць гостыяй, якую можна ўзяць у рукі, паламаць і раздаць, каб іншыя, спажыўшы яе, атрымалі духоўныя сілы», — заахвоціў вернікаў іерарх.
Вікарый Магілёўскага рэгіёна на заканчэнне гаміліі дадаў:
«Жывы, сапраўдны Бог Езус Хрыстус чакае кожнага ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Ён заўсёды гатовы дапамагчы пажылому чалавеку, алкаголіку, наркаману, беспрацоўнаму, бацьку і маці, дзіцяці, хлопцу і дзяўчыне, Папу і біскупу, святару і законніцы — кожнаму, хто папросіць Яго аб дапамозе».
Пасля Імшы адбылася святочная эўхарыстычная працэсія, якая прайшла па вуліцах Магілёва. Вялікая колькасць вернікаў разам з духавенствам і кансэкраванымі асобамі прайшлі за Езусам у Эўхарыстыі ад галоўнай каталіцкай святыні Магілёва да старажытных каталіцкіх могілак, на якіх знаходзіцца капліца святога Антонія.
Пры кожным з чатырох алтароў святары разважалі пра боскія цноты — веру, надзею і любоў, — а таксама пра дар паклікання. Менавіта гэтыя тэмы сталі лейтматывам сёлетняй урачыстасці Божага Цела ў Магілёве.
Каля першага алтара, які будавалі і ўпрыгожвалі вернікі катэдральнай парафіі, кс. пробашч Віталій Маргуноў у гаміліі раскрыў сутнасць цноты веры як адказу чалавека Богу, які адкрывае і аддае яму, чалавеку, самога сябе.
Парафія св. Антонія Падуанскага, у якой нясуць служэнне айцы кларэціны, падрыхтавала другі алтар. У разважанні пры гэтым прыпынку а. Віталь Чабатар нагадаў, што паратункам ад нядолі, нястачы, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні з’яўляецца Езус Хрыстус.
Айцец Раман Шульц OP каля трэцяга алтара, падрыхтаванага вернікамі парафіі св. Ядвігі і св. Казіміра, разважаў пра боскую цноту любові, а пры чацвёртым алтары кс. Юзаф Сярпейка распавёў пра хрысціянскае пакліканне.
На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў усім яе ўдзельнікам за прысутнасць і дапамогу ў яе падрыхтоўцы і правядзенні.