Дзень засяроджання — спрыяльны час для тых, хто хоча спыніцца ў імклівым рытме штодзённага жыцця, і схіліцца над вялікай таямніцай любові Бога да чалавека.
Невыпадкова духоўныя практыкаванні прыпалі на час Адвэнту, калі кожны семінарыст імкнецца аддаліцца ад празмернай занятасці і паразважаць над тым, хто з’яўляецца для яго найвялікшым скарбам і сэнсам усяго жыцця, і што перашкаджае яму падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Езусам.
У гэтых цудоўных памкненнях навучэнцаў суправаджаў кс. Руслан Мазан, архівіст Гродзенскай курыі і выкладчык духоўнай семінарыі. Разважанні рэкалекцыяніста дапамагалі будучым святарам акунуцца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці, каб паглядзець на свае адносіны з Хрыстом з адлегласці, аднавіць свой першапачатковы запал, прысвяціць сваё жыццё Богу і адказаць сабе на пытанне, ці добра выкарыстоўваецца час, дадзены Богам падчас семінарыйнай фармацыі.
Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна кс. Руслану за тое, што, нягледзячы на шматлікія святарскія абавязкі, ён знайшоў час, каб падзяліцца з семінарыстамі досведам асабістых адносінаў з Богам і прыпомніў, чым з’яўляецца сапраўдная малітва і якое месца яна павінна займаць у жыцці сучаснага вучня Хрыста.