Пошук

10.11.2017 15:38   Кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by

Згодна з пастановай біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, кожную нядзелю пасля святой Імшы вернікі Гродзенскай дыяцэзіі будуць прамаўляць спецыяльную малітву ў інтэнцыі І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.

Гэтая малітва з’яўляецца просьбай, скіраванай да Бога, каб Сінод прынёс плёны перамянення і ажыўлення рэлігійнага жыцця сярод вернікаў дыяцэзіі. У малітве гучыць заклік аб асаблівым заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, св. Казіміра і св. Максімільяна — другарадных апекуноў дыяцэзіі, а таксама благаслаўлёных, якія паходзяць з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Вернікі заахвочваюцца да таго, каб прамаўляць гэтую малітву таксама дома, каб такім чынам падтрымаць ёю працу Сінода і духоўных і свецкіх асобаў, якія будуць у ім удзельнічаць.

І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі пачнецца 16 лістапада ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Ён будзе праходзіць пад дэвізам «Жыць Евангеллем».

МАЛІТВА Ў ІНТЭНЦЫІ І СІНОДА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Божа, Адзіны ў Святой Тройцы, з’яднаныя ў супольнасці гродзенскага Касцёла, мы хочам разам вырушыць у дарогу, каб добра падрыхтаваць і плённа перажыць першы дыяцэзіяльны сінод.

Просім Цябе, Ойча, поўны міласэрнасці, напоўні нас сваёй праўдай, любоўю і супакоем, каб мы верна здзяйснялі Твой план збаўлення чалавецтва, былі адкрытыя на дар актыўнага супрацоўніцтва ўсіх вернікаў дыяцэзіі.

Просім Цябе, Езу, Сыне Жывога Бога, каб мы заўсёды з вялікай пакорай і даверам распазнавалі знакі часу ў святле Евангелля, будуючы супольнасць нашай дыяцэзіі паводле Твайго вобразу.

Заклікаем Цябе, Дух Святы Жыватворца, каб мы, напоўненыя Тваімі дарамі, аднавілі і ажывілі супольнасць гродзенскага Касцёла ў еднасці з Паўсюдным Касцёлам.

Марыя, Маці Міласэрнасці, Апякунка Гродзенскай дыяцэзіі, вядзі нас і падтрымлівай у сінадальнай пілігрымцы веры!

Святы Казіміру, маліся за нас!
Святы Максімільяне Марыя Кольбэ, маліся за нас!
Бласлаўлёныя сёстры мучаніцы з Навагрудка, маліцеся за нас!
Бласлаўлёны Генрыху Глябовіч, маліся за нас!
Бласлаўлёная Мар’яна Бярнацкая, маліся за нас!

Абноўлена 10.11.2017 16:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.