Пошук

01.11.2017 06:35   Catholic.by

1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе.

Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць з 1 па 8 лістапада, Касцёл будзе асаблівым чынам маліцца за памерлых. У гэты час Касцёл дае нам магчымасць атрымаць поўны адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі, — які можна ахвяраваць за душы памерлых. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання — споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі. Больш падрабязную інфармацыю пра адпусты можна атрымаць у святароў або знайсці ў малітоўніку «Ойча наш».

Усе католікі павінны паклапаціцца пра тое, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама занядбаныя магілы паблізу. Згодна з хрысціянскай традыцыяй недапушчальна прыносіць і спажываць на могілках ежу і спіртныя напоі, а таксама ставіць іх на магілы. Годным успамінам пра памерлых з’яўляецца запаленая на магіле свечка (або зніч) і кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.

Абноўлена 19.10.2018 22:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця