Пошук

11.09.2017 12:36   Catholic.by

«Здзіўляе негатыўнае ўспрыманне шматдзетных сем’яў, што  супярэчыць намаганням улады да павeлічэння нараджальнасці ў нашай краіне. Як тады можна дасягнуць мары аб 20 мільёнах жыхароў Беларусі?» — адзначае іерарх.

Поўны тэкст звароту Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча:

«З вялікім узрушэннем і непаразуменнем я прачытаў на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама Мінскай вобласці тэкст Метадычнага дапаможніка "Праца з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў сацыяльна-псіхолага-педагагічнай падтрымцы".

Паводле гэтага дзяржаўнага дакумента ў катэгорыю праблемных сем’яў, акрамя няпоўных, малазабяспечаных, замяшчаючых, сем’яў з дзецьмі інвалідамі, перасяленцаў, бежанцаў, эмігрантаў і студэнтаў, трапляюць таксама сем’і з трыма і больш дзецьмі і сем’і веруючых (пар. http://kopyl.edu.by/main.aspx?guid=9973 — у панядзелак 11 верасня дакумент быў выдалены, але ў рэдакцыі захаваны скрыншот і спампаваны тэкст гэтага дапаможніка).

Маючы на ўвазе тое, што большасць жыхароў Беларусі з’яўляецца веруючымі, стваральнікі дакумента сцвярджаюць, што патэнцыйна большасць сем’яў нашай краіны з’яўляюцца небяспечнымі.

Атрымліваецца, што гэтым самым нашаму грамадству навязваецца нерэлігійны стыль жыцця, што супярэчыць "Закону Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях". У арт. 5 гэтага Закона  запісана, што бацькі маюць права выхоўваць сваіх дзяцей згодна са сваімі рэлігійнымі перакананнямі, а дзяржава не мае права ўмешвацца ў гэты працэс, акрамя выпадкаў, калі ствараецца небяспека для дзіцяці.

У той жа час, вядома, што вернікі і іх дзеці ў сваіх рэлігійных арганізацыях выхоўваюцца ў духу любові да Бога і бліжняга. Яны вучацца шанаваць кожнага чалавека, асабістую і грамадскую маёмасць, быць законапаслухмянымі і г.д.

Здзіўляе таксама негатыўнае ўспрыманне шматдзетных сем’яў, што супярэчыць намаганням улады да павeлічэння нараджальнасці ў нашай краіне. Як тады можна рэалізаваць мары аб 20 мільёнах жыхароў Беларусі?

Спадзяюся, што добрыя ініцыятывы кіраўніцтва краіны аб вырашэнні дэмаграфічных праблем і клопату аб сем’ях, а таксама намаганні рэлігійных арганізацый, асабліва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, у гэтай галіне не знойдуць перашкод і наадварот будуць паўсюдна падтрымлівацца».

Абноўлена 11.09.2017 14:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.