6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава пройдзе святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
«Менавіта 6 жніўня 1517 года выйшаў у свет “Псалтыр” — першая друкаваная кніга са Святага Пісання на беларускай мове таго часу, — адзначае Біскупскі Вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — Для Скарыны першасным было не проста надрукаваць кнігу і стаць першадрукаром на нашых землях. Найбольш важным для яго было выданне менавіта Бібліі на мове, зразумелай звычайным людзям, каб Божае слова чыталі і каб — як казаў сам Скарына — “лекі для душы і для цела” адтуль бралі».
Святкаванне распачнецца святой Імшой у 11.00, падчас якой супольнасць на чале з іерархам і душпастырамі будзе дзякаваць Стварыцелю за дар Божага слова на роднай мове.
Пасля святой Імшы з навуковым дакладам на тэму «Францішак Скарына: знаёмы і не знаёмы» выступіць Віталь Еўмянькоў, кандыдат філалагічных навук, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, дацэнт МДУ імя А. А. Куляшова.