11 чэрвеня стаў днём падвойнай радасці ў парафіі св. Зыгмунта ў Баранавічах. Па-першае, у гэты дзень адбылася прыміцыйная св. Імша кс. Антона Анціпенка, выпускніка Духоўнай семінарыі ў Пінску, які напярэдадні прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Габара Пінтэра, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі.
Па-другое, падчас прыміцыйнай св. Імшы адбылося ўрачыстае ўнясенне ў касцёл св. Зыгмунта рэліквій св. Фаўстыны Кавальскай, дзякуючы якой сучаснае чалавецтва нанова адкрыла для сябе таямніцу Божай Міласэрнасці.
Першая св. Імша новапасвячанага святара ў роднай парафіі — гэта асаблівая нагода для радасці. Сабраныя вернікі, мясцовыя святары і супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску дзякавалі Богу ўжо за чацвёртага ксяндза, які выйшаў з парафіі св. Зыгмунта ў Баранавічах.
Нагодай для дадатковай радасці супольнасці ў Баранавічах стала ўрачыстае ўнясенне рэліквій св. Фаўстыны, падараваных манахінямі з Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Кракаве для вернікаў Беларусі. Мясцовы пробашч, ксёндз канонік Богдан Крынскі, звярнуў увагу сабраных на асаблівы дар Божага Провіду, якім стала ўнясенне рэліквій менавіта падчас прыміцыйнай Імшы святара — «сына» гэтай парафіі.
Падчас гаміліі кс. Андрэй Рылка, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, звярнуў увагу сабраных на вобраз святарства, апісаны ў містычных перажываннях святой Фаустыны. Гэтая Апосталка Божай Міласэрнасці раскрыла на старонках свайго духоўнага «Дзённічка» бачанне святарства менавіта як дар бязмежнай Божай моцы і неспасцігальнай ласкі для свету дзеля ратавання грэшнага чалавецтва.
На заканчэнне літургіі сабраныя пажадалі новапрэзбітэру — кс. Антону Анціпенку быць апосталам Божай Міласэрнасці праз самаадданае і велічнае служэнне як душпастыра.