Пошук


27 мая моладзь з Пінскай дыяцэзіі сабралася ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага на традыцыйную малітоўную сустрэчу. Галоўнай тэмай стаў евангельскі заклік «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсім».

Праграма распачалася з канферэнцыі ў пінскай катэдры. Тут ксёндз Чэслаў Ладыка разважаў з хлопцамі і дзяўчатамі пра сакрамэнт пакаяння. У сваёй прамове святар яшчэ раз узгадаў умовы добрай споведзі і патлумачыў, чаму пакаянне няварта адкладваць на доўгі час.

Працягам сустрэчы стала праца ў групах. Разам з семінарыстамі маладыя людзі разважалі над урыўкамі з Кнігі Зыходу. Кіраўніцтва Духа Святога, план збаўлення для кожнага чалавека і ўсяго свету — такімі былі тэмы размоў. Пасля абмеркавання прадстаўнікі кожнай групы выступілі з кароткім падсумаваннем перад гасцямі сустрэчы.

Святую Імшу для моладзі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Кажучы пра важнасць падобных сустрэч, іерарх падкрэсліў, што кожны чалавек пакліканы да святасці. Як прыклад ён прывеў першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага, ксяндзоў Вітальда Івіцкага і Вацлава Пянткоўскага. Усе яны ў свой час жылі ў Пінску і ў вачах іншых былі звычайнымі людзьмі, але сёння Касцёл узгадвае іх ужо як слугаў Божых і благаслаўлёных.

Заканчэннем моладзевай сустрэчы стаў канцэрт, які распачаўся выступам семінарыйнага гурта «Подых Духа». Падчас выступу семінарыстаў прагучалі як добра вядомыя, так і аўтарскія спевы ўдзельнікаў гурта. У другой частцы выступлення песнямі і танцамі моладзь парадаваў евангелізацыйны праект Step Project з Баранавіч і Брэста.

Арцём Кір’янаў
(VGr),
Фота Марыны Валасар

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 17.08.2017 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.