Пошук

24.05.2017 10:39  

У гомельскай «Дзіцячай вёсцы» для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў пачынаецца другі этап будаўніцтва. Тут з’явіцца інтэграцыйны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр, у якім будуць дапамагаць не толькі выхаванцам вёскі, але і тым дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, якія жывуць у сваіх сем’ях.

У цэнтры змогуць штогод атрымоўваць усебаковую дапамогу каля 700 чалавек.

«Дзіцячая вёска» з’явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 годзе. Увесь комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным дабрачынная каталіцкая місія «Карытас» на ахвяраванні замежных дабрачынных арганізацый і ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх краін.

Пазней на гэтай базе ў супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай ахове насельніцтва быў створаны «Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця», фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 дзяцей ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. Чатыры асобныя групы-сям’і складаюцца з 15 чалавек. Звяном, якое яднае такую групу-сям’ю, з’яўляецца манахіня, якая разам з дапаможным персаналам клапоціцца пра належны клімат выхавання і пра жыццё выхаванцаў. Трапіць у дом-інтэрнат можа кожны, хто ў гэтым мае патрэбу, незалежна ад веравызнання.

У інтэграцыйным цэнтры будзе пастаянна працаваць група ранняга развіцця, школа, майстэрні, будзе праводзіцца праца з бацькамі і тэрапія. Усё гэта дазволіць дзецям з сем’яў прабываць у цэнтры, а бацькам прысвячаць больш часу сваёй працы.

На будаўніцтва цэнтра распачаты збор сродкаў. Банкаўскія рэквізіты ТУТ

Паводле katolik-gomel.by
(VGr)

Абноўлена 18.08.2017 12:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.