4–5 сакавіка Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску сабрала першых у гэтым годзе ўдзельнікаў акцыі «Семінарыст на ўік-энд». Імі сталі юнакі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.
Для гасцей побыт у семінарыі распачаўся яшчэ вечарам у пятніцу. У дні акцыі юнакі мелі магчымасць далучыцца да штодзённых абавязкаў семінарыстаў, да малітвы і працы семінарыйнай супольнасці.
Таксама была магчымасць паўдзельнічаць у рэпетыцыях семінарыйнага гурта «Подых Духа», згуляць з семінарыстамі ў футбол і правесці час у братэрскай размове з навучэнцамі і выкладчыкамі ўстановы.
Дзелячыся ўражаннямі пра побыт у семінарыі ўдзельнікі акцыі адзначалі духоўную атмасферу, што натхняла на малітву і слуханне Бога. Дзякавалі таксама за магчымасць адчуць, чым з’яўляецца супольнасць братоў, якія разам ідуць шляхам да святарства.
«Спадабалася, што ў раскладзе дня ў семінарыі прадугледжаны час не толькі на навучанне, але таксама на самаразвіццё і адпачынак, — адзначае Аляксандр Шыманскі з Мінска. — Я чакаў адкрытасці з боку выкладчыкаў і семінарыстаў, але нават не мог уявіць, што нашыя размовы і сустрэчы будуць настолькі цёплымі і шчырымі. Застацца без увагі ў семінарыі, мне здаецца, проста немагчыма».
У наступны раз наведаць семінарыю ў Пінску ў межах акцыі «Семінарыст на ўік-энд» можна будзе 18–19 сакавіка. Магчымы прыезд у пятніцу 17 сакавіка.
Да ўдзелу ў акцыі запрашаюцца асобы ва ўзросце ад 14 гадоў.
Запіс і дадатковая інфармацыя па тэлефоне:
+375 (25) 604 41 86
(VGr)