
4 сакавіка ў дзень сваіх імянін дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец узначаліў урачыстую св. Імшу ў парафіі святога Казіміра ў Жлобіне, дзе ў гэты дзень прыпадаў адпуст.
На ўрачыстасць прыбылі шматлікія парафіяне, госці і святары з Гомельскага і Мазырскага дэканатаў. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў да плённага перажываня вялікага Посту, які з’яўляецца часам ласкі і навяртання. Таксама біскуп распавёў пра постаць св. Казіміра, які з’яўляецца апекуном Польшчы, Літвы і Беларусі.

На прыкладзе св. Казіміра іерарх звярнуў увагу на вартасць рэлігійнага выхавання ў сям’і. Напрыканцы Імшы парафіяне павіншавалі біскупа з імянінамі, жадаючы моцнага здароў’я і Божага благаслаўлення ў будаўніцтве новага касцёла ў Гомелі.
На заканчэнне вернікі заспявалі літанію да святога Казіміра, пасля чаго адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла, якая скончылася ўрачыстым благаслаўленнем.