250 тысяч долараў неабходна сабраць бацькам 3-гадовай Кіры Куруленка з Буда-Кашалёва: дзяўчынка хварэе на нейрабластому (4 стадыя) — гэта дзіцячы рак. Столькі грошаў неабходна для лячэння антыцеламі ў ізраільскай клініцы. Свой унёсак у выратаванне адзінага дзіцяці маладых бацькоў зрабілі і гомельскія католікі.
Да пробашча парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Славаміра Ляскоўскага звярнуліся валанцёры з просьбай нейкім чынам дапамагчы бацькам Кіры.
Так, у Трэцюю нядзелю Адвэнту валанцёры зладзілі дабрачынны кірмаш у касцёле. Акрамя гэтага на лячэнне Кіры былі накіраваны ўсе ахвяраванні, сабраныя пасля святых Імшаў у нядзелю. Напярэдадні святар заклікаў вернікаў збіраць багацце не на зямлі, а на Нябёсах, каб ахвяраванні былі шчодрымі, а таксама нагадаў, што міласціна пакрывае многія грахі.
У касцёле было сабрана каля 3,5 тысяч беларускіх рублёў. Больш за паўтары тысячы долараў парафія пералічыла на рахунак дзяўчынкі. Заўважым, што звычайна сума ахвяраванняў па нядзелях у гомельскай парафіі меншая ў пяць разоў.
На рахунак пасля шматлікіх акцый паступіла ўжо больш за 72 тысячы долараў, аднак каля 178 тысяч яшчэ неабходна сабраць.
Дзяўчынку чакае апошні, 6 блок хіміятэрапіі, а потым аперацыя, пасля якой адбудзецца трансплантацыя ствалавых клетак з высакадознай хіміятэрапіяй.
Дабрачынныя рахункі, на якія можна скіраваць фінансавую дапамогу, тут>>>
Паводле katolik-gomel.by
(VGr)