У Баранавічах 12-13 лістапада прайшлі рэкалекцыі для сем’яў на тэму «Акрапі мяне ісопам, і буду чысты, абмый мяне, і стану бялейшы за снег». Час рэкалекцый супаў з заканчэннем у Касцёле Года Міласэрнасці.
Удзельнікі мелі час падумаць, падвесці вынікі: як быў пражыты год, ці ўдалося хоць на крок наблізіцца да Бога, ці імкнуліся падобна міласэрнаму Айцу з міласэрнасцю глядзець на бліжніх, ці былі ўдзячныя Богу за Яго дары? Пасля рахунку сумлення была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і скарыстаць са святарскай малітвы аздараўлення.
Арганізатары рэкалекцый прапанавалі абнавіць фармат правядзення сустрэч: канферэнцыі і практычныя заданні рыхтаваць самім удзельнікам, каб праз гэта сведчыць пра Бога і тое, як жыць з Богам.
Кожны год сем’і з родных куткоў Беларусі прыязджаюць у Баранавічы на рэкалекцыі «Equipes Notre Dame». Для кожнай сям’і гэты час становіцца асаблівым, бо ёсць магчымасць быць бліжэй да Бога праз малітву і засяроджанне, а таксама спазнаць вопыт іншых сужэнстваў і падзяліцца сваім.
«Мы пераканаліся, што Бог кожны дзень чыніць для нас цуды! I гэтыя людзi, якiя былi побач, — таксама найважнейшы дар для нас. Падчас рэкалекцый мы мелі цудоўную магчымасць малiцца разам з іншымі сем’ямі, прыступіць да сакрамэнту пакаяння, удзельнічаць у Эўхарыстыі, праслаўляць Бога спевам, дзяліцца сведчаннямі», — падзяліліся ўражаннямі Ілля Кіевіч і яго жонка Алена.
Наталля і Сяргей Бобка
Фота кс. Андрэя Сіповіча
(VGr)