Пошук

04.11.2016 17:37  

3-4 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшла сустрэча для міністрантаў, а таксама для юнакоў, якія разважаюць над сваім пакліканнем.

На сустрэчу прыбылі паўсотні маладзёнаў з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пагрузіўшыся ў адмысловую атмасферу семінарыйнага жыцця, маладыя людзі мелі магчымасць на працягу некалькіх дзён назіраць багатае на разнастайныя падзеі жыццё духоўнай установы.


Цэнтральнае месца семінарыі — гэта капліца, дзе ўся супольнасць студэнтаў і фарматараў збіраецца на малітвы і набажэнствы. Юнакі мелі магчымасць пранікнуцца духам супольнай з семінарыстамі Эўхарыстыі ў старадаўняй пінскай катэдры і ў семінарыйнай капліцы.

Важным момантам малітвы і роздуму стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якой быў скончаны першы дзень рэкалекцый.

Сярод разнастайный літургічных, духоўных і катэхетычных заняткаў юнакі маглі разам з семінарыстамі паспаборнічаць у настольным тэнісе, футболе і шахматах. Таксама хлопцы зазірнулі ў рэпетыцыйную залу музычнага семінарыйнага гурта «Подых духа», дзе ствараюцца новыя творы і праходзяць рэпетыцыі музычна-евангелізацыйных праграм, якія салісты гурта рыхтуюць для моладзі.


На заканчэнне сустрэчы юнакі шкадавалі аб тым, што час праляцеў вельмі хутка. Як прызналіся ўдзельнікі сустрэчы, яны з радасцю працягнулі б прабыванне ў семінарыі — месцы, дзе фармуюцца будучыя святары і дзе можна зачарпнуць шмат моцы духу, неабходнай для сучаснай моладзі.

Развітваючыся з юнакамі, навучэнцы семінарыі разам з фарматарамі нагадалі, што старэйшыя хлопцы маюць магчымасць у любы час прыехаць у гэтую духоўную установу, каб паразважаць над сваім пакліканнем і памаліцца разам з семінарыстамі.
А міністрантаў і ўсіх жадаючых хлопцаў ад 13 гадоў семінарыйная супольнасць запрасіла на адмысловую калядную сустрэчу, запланаваную на 3 – 5 студзеня 2017 года.


Кс. Андрэй Рылка,
фота Уладзіслава Молчана і Андрэя Бурака, навучэнцаў семінарыі

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця