Пошук

18.10.2016 16:57  

З 23 па 29 кастрычніка ва ўсім свеце праходзіць Місійны тыдзень. Гэта час малітвы за місіі, місіянераў і матэрыяльнай падтрымкі місій ва ўсім свеце. Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка на Місійны тыдзень скіраваў Пастырскі ліст да вернікаў сваёй дыяцэзіі.

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты і сёстры!

Чарговы Місійны тыдзень яднае нас у малітве ў інтэнцыі місійнай дзейнасці Касцёла. У нас перад вачыма паўстае мапа свету і вялікая колькасць місіянераў на ўсіх кантынентах. Галоўная мэта гэтага тыдня — малітва за іх, а таксама канкрэтная дапамога з боку ўсёй супольнасці вернікаў. Да таго ж нам варта ўзбагаціць нашы малітвы ў інтэнцыі місій падзякай Богу за дар веры.

Апошнія словы Пана Езуса перад унебаўшэсцем, запісаныя ў Евангеллі, гучаць так: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19). Касцёл, пачынаючы ад досведу вячэрніка і спаслання Духа Святога, адгукнуўся на гэты заклік. Апосталы ішлі і абвяшчалі Евангелле, хрысцілі і стваралі хрысціянскія супольнасці. Гісторыю пра гэта нам распавядае кніга Дзеяў святых Апосталаў. Так святы Павел, абвяшчаючы Евангелле, за час трох сваіх апостальскіх падарожжаў пераадолеў 14 тысяч кіламетраў дарог.

Апосталы замацавалі сведчанне аб веры, праліваючы сваю кроў за яе. Іх слядамі пайшлі наступнікі — біскупы. Біскупаў устанаўлівалі ў новаствораных супольнасцях, разумеючы непрамінальную актуальнасць закліку: «Ідзіце…» Дынамічнае жыццё Касцёла, які абвяшчаў Евангелле, паспрыяла таму, што Добрая Навіна і вера прыйшлі і на нашу зямлю. Дзякуючы гэтаму мы сёння разам з вамі збіраемся ў касцёле. За гэта мы хочам скласці Богу падзяку.

Падзяка, аднак, павінна скіраваць наш позірк і малітву ў будучыню. Па меры магчымасці мы будуем новыя святыні, абвяшчаем і слухаем Евангелле ў межах нашай дыяцэзіі. Мы жывём у радасці, прычына якой — усведамленне, што Езус «з намі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20).

З іншага боку, мы разумеем, што ёсць яшчэ шмат людзей, якія не ведаюць Езуса Хрыста. Многія людзі не ведаюць аб пасланні любові, якое вынікае з Евангелля. Ім не хапае досведу супольнасці Касцёла. Таму справа абвяшчэння Евангелля трывае і надалей. Не страчвае сваёй актуальнасці заклік: «Ідзіце...» Наша падзяка ў сённяшні дзень становіцца адначасова прыняццем абавязку.

«Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16), — піша святы Павел. Няхай гэтыя словы будуць нашым дэвізам і запрашэннем да руплівасці ў гэтай справе. Будзем місіянерамі, якія нясуць Евангелле ў нашыя сем’і, месцы працы, у кола знаёмых і сяброў. Молячыся, складаючы ахвяры, думаючы і паступаючы так, мы ўключымся ў місійную дзейнасць Касцёла, якая вядзецца на ўсіх кантынентах.

На гэтую працу і на досвед радасці ад распачатай місіянерскай дзейнасці з сэрца ўдзяляю благаслаўленне.

Пінск, 17.10.2016                                                

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Паважаныя святары абвесцяць вернікам гэтае пасланне падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 23 кастрычніка, а таксама арганізуюць збор ахвяраванняў на місіі пры ўваходах у кожную святыню. Пастырскі ліст неабходна размясціць на дошцы аб’яваў перад касцёлам да канца кастрычніка.

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.