Пошук

18.10.2016 15:56  

16 кастрычніка парафія Маці Божай Фацімскай у Баранавічах дзякавала Богу за 20 гадоў існавання святыні. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Парафія Маці Божай Фацімскай была заснавана ў 1993 годзе. Касцёл быў пабудаваны ў 1996 годзе ў мікрараёне Паўночны намаганнямі сённяшняга біскупа Элцкага Ежы Мазура SVD (Польшча), а таксама мясцовых вернікаў. Асвячэнне святыні здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк 13 кастрычніка 1996 года.

Біскуп Антоні Дзям’янка, узгадваючы падчас літургіі гісторыю заснавання парафіі, падкрэсліў, што ўзвядзенне святыні ў мікрараёне Паўночны прыпала на складаныя часы, калі грамадства перажывала «стрэс перабудовы». Людзі, як дадаў іерарх, стараліся ўкладваць свае сродкі ў нерухомасць. Горад разбудоўваўся і, калі мясцовыя ўлады выдзелілі таксама надзел пад будаўніцтва святыні, многія вернікі сталі ахвяроўваць свае зберажэнні на яе будаўніцтва.

У гаміліі біскуп Пінскі прыгадаў біблейскую гісторыю, у якой апавядаецца пра Майсея, якому Бог аб’явіўся ў палаючым кусце. «Тады Бог сказаў Майсею: “Здымі сандалі з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, — гэта святая зямля”. Такія ж пачуцці павінны быць і ў тых, хто прыходзіць маліцца ў святыню — месца, дзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт і цэлебруецца Найсвяцейшая Ахвяра», — адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка.

«20 гадоў — гэта цэлае пакаленне, якое вырасла, наведваючы гэтую святыню», — падкрэсліў ардынарый Пінскай дыяцэзіі, выказваючы радасць, што парафія Маці Божай Фацімскай за гэты час узбагаціла Каталіцкі Касцёл сёстрамі законнымі і двума святарамі.

(VGr)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.