Неабходнай часткай фармацыі семінарыста з’яўляецца душпастырская фармацыя. Таму 9 кастрычніка навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі накіраваліся ў розныя парафіі горада Баранавічы.
Яны наведалі парафію Св. Зыгмунта, юбілейную святыню Узвышэння Святога Крыжа, парафіі Маці Божай Фацімскай, Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама парафію Перамянення Пана ў Новай Мышы. Такі выезд быў здзейснены ў рамках душпастырскай практыкі і дзеля сведчання аб веры і пакліканні семінарыстаў.
Акрамя гэтага, група навучэнцаў семінарыі наведала касцёл святога Яна Паўла II у мікрараёне Бараўкі, дзе біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка удзяліў парафіянам сакрамэнт канфірмацыі. Да сакрамэнту прыступілі як моладзь, так і старэйшыя вернікі.
Семінарысты падчас святых Імшаў сведчылі аб сваім пакліканні, дзякавалі парафіянам за малітоўную падтрымку на шляху да святарства і прасілі аб далейшай малітве ў інтэнцыі семінарыі. Таксама падчас набажэнстваў быў прачытаны спецыяльны пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі, падрыхтаваны для парафій Баранавіцкага дэканату на гэтую нядзелю.
Традыцыя аднадзённых практык для навучэнцаў пінскай семінарыі будзе працягвацца. На працягу навучальнага года семінарысты будуць наведваць і іншыя дэканаты Пінскай дыяцэзіі.