3 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылася ўрачыстасць 15-годдзя адраджэння гэтай навучальнай установы, а таксама інаўгурацыя новага навучальнага года.
Установа была заснавана ў 1925 годзе. У 1939 годзе яе дзейнасць спыніла
савецкая ўлада. Бібліятэка і дыяцэзіяльны архіў былі часткова знішчаны, а
часткова вывезены ў глыб Расіі. Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі
адбылося 12 верасня 2001 г. дзякуючы ініцыятыве і намаганням кардынала
Казіміра Свёнтка, які сам вучыўся ў гэтай семінарыі да яе закрыцця.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерархі прадстаўлялі ўсе дыяцэзіі Беларусі, для якіх рыхтуе святароў міждыяцэзіяльная семінарыя ў Пінску.
Прысутнічалі таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары з розных дыяцэзій, выкладчыкі семінарыі і госці.
Распачаўся дзень з ранішняй малітвы ў семінарыйнай капліцы. Затым адбылося ўручэнне дэкрэтаў выкладчыкам і студэнцкіх білетаў семінарыстам першага курсу. Віцэ-рэктар семінарыі кс. Адам Дынак зачытаў рэферат на гістарычна-біблійную тэму.
Эўхарыстыя з нагоды ўрачыстасцяў адбылася ў пінскай катэдры. Узначаліў літургію біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі, якую прамовіў біскуп Алег Буткевіч, прысутныя пачулі разважанне на тэму міласэрнай любові і пра давер да Бога. Менавіта гэтыя якасці, як падкрэсліў біскуп Віцебскі, павінны адрозніваць хрысціяніна.
Як адзначыў ва ўступным слове біскуп Антоні Дзям’янка, «добры пачатак — гэта ўжо палова справы». Наперадзе ў семінарыстаў доўгі і адказны шлях — як у семінарыйнай супольнасці, так і ў будучыні ў святарскім служэнні.