15 гадоў з моманту адраджэння спаўняецца сёлета Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Напярэдадні юбілею Catholic.by пагутарыў з кс. Янам Саламонам і кс. Андрэем Рылкам — былым і дзеючым рэктарамі гэтай установы.
Ксёндз Ян Саламон, сённяшні пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах, з’яўляўся рэктарам семінарыі ў Пінску з 2003 па 2015 гг. Святар быў другім пасля кардынала Казіміра Свёнтка рэктарам семінарыі ў сучаснай яе гісторыі.
«Кардынал заўсёды гаварыў, што ён — вікарый кс. Зыгмунта Лазінскага, — прыгадвае ксёндз Ян. — Светлай памяці Казімір Свёнтэк клапаціўся пра семінарыю, як пра сям’ю, — яна мела сваю аўтаномію і павагу.
Як адказны за ўсю сям’ю, праблемы ўнутры яе кардынал вырашаў сам. Быць рэктарам пасля кардынала было гонарам для мяне. Мы тады толькі пачыналі — большасць з нас не мела такога вопыту. Усё было новым».
Cвятар прызнаецца, што, чуючы слова «семінарыя», ён прыгадвае свае семінарыйныя гады, разам з чым прыходзіць адчуванне чагосьці блізкага і роднага.
«Найлепшая ўзнагарода для любой семінарыі — гэта яе выпускнікі, якія нясуць душпастырскае служэнне ў парафіях. Таму, гаворачы пра семінарыю, мы гаворым і пра яе выпускнікоў», — дадаў кс. Ян Саламон.
Шлях юнака ў семінарыю святар называе выпрабаваннем: «Кожнае пакаленне семінарыстаў — гэта зрэз нашага грамадства. Любыя змены ў грамадстве ці ў сям’і, якія адбываюцца, заўважныя і ў нашых кандыдатах: якое грамадства, такія і хлопцы».
У 15-ю гадавіну адраджэння семінарыі ў Пінску кс. Ян Саламон жадае навучальнай установе не губляць сваё аблічча:
«Хачу пажадаць семінарыі, каб у ёй было многа навучэнцаў, а разам з імі і пастаянства ў рэалізацыі святарскага паклікання. Каб як мага менш хлопцаў збочвала са святарскага шляху. А выкладчыкам семінарыі зычу яшчэ большай нагоды для гонару сваімі выпускнікамі».
Семінарыя — гэта традыцыя і вялікая духоўная спадчына
Сённяшні рэктар семінарыі кс. Андрэй Рылка адзначае, што для яго семінарыя ў Пінску — гэта спалучэнне традыцыі, вялікай духоўнай спадчыны і надзеі на будучыню.
Духоўную спадчыну святар называе выразным знакам адраджэння Касцёла ў Беларусі:
«Працягласць традыцыі, якая існуе ў сценах семінарыі, — вельмі важны знак таго, што наш Каталіцкі Касцёл развіваўся і развіваецца на фундаменце веры, якая існавала на нашых землях. Мы працягваем духоўную традыцыю мінулых пакаленняў, захоўваем памяць пра свае карані, і менавіта ў гэтым накірунку ідзе выхаваўчы працэс у семінарыі».
Чытайце таксама:
- «Семінарыя — шанец для смелых». Размова з новым рэктарам духоўнай семінарыі ў Пінску
- Рэктар семінарыі ў Пінску: «Наша задача — дапамагчы распазнаць пакліканне, а не змушаць юнакоў ісці ў семінарыю»
Рэктар дадае, што галоўнай задачай семінарыі лічыць выхаванне семінарыстаў добрымі пастырамі, якія б маглі адказваць на сучасныя выклікі часу.
«Мы жывём у інфармацыйным грамадстве, і трэба быць падрыхтаванымі да душпастырскай працы ў такіх рэаліях, — заўважае святар. — Гэта заданне не толькі для навучэнцаў семінарыі, але і для яе выкладчыкаў. І я лічу, што на сёння мы спраўляемся з гэтай задачай».
У юбілей семінарыі яе рэктар зычыць навучальнай установе далейшага развіцця:
«Няхай семінарыя не спыняецца ў сваім развіцці. Хачу пажадаць, каб духоўны фундамент прыносіў багаты плён і каб пастыры, якія фармуюцца тут, былі для іншых знакам таго, што ўстанова адпавядае свайму заданню — рыхтаваць душпастыраў у нашых рэаліях і на нашых землях».
***
15-годдзе адраджэння семінарыі ў Пінску адзначаецца 3 кастрычніка. З нагоды юбілею ва ўстанове дзейнічае міні-выстаўка на тэму «Гісторыя і сучаснасць семінарыі».
Акрамя звестак пра першых рэктараў і развіццё семінарыі ў розныя гады яе існавання, асобна на выстаўцы прадстаўлена інфармацыя пра слугу Божага Зыгмунта Лазінскага, кардынала Казіміра Свёнтка, слугу Божага Аляксандра Зянкевіча, першага рэктара кс. Вітольда Івіцкага, які прыняў мучаніцкую смерць, паўтарыўшы подзвіг св. Максімільяна Кольбэ...
«У семінарыю яны прыйшлі звычайнымі хлопцамі, але мелі тытанічны дух, які спраўдзіўся ў часы пераследу», — дадае кс. Андрэй Рылка.