Пошук

22.08.2016 13:36   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

22 жніўня ў санктуарыі ў Лагішыне прайшла галоўная святая Імша з удзелам пілігрымаў у межах сёлетніх урачыстасцяў. У малітве вернікі розных узростаў прасілі ў Каралевы Палесся заступніцтва ў сваіх інтэнцыях.

Цэлебраваў Імшу біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, канцэлебравалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

«У наступным годзе адзначаецца 20 гадоў каранацыі Маці Божай Лагішынскай, — заўважыў перад Эўхарыстыяй кусташ санктуарыя Маці Божай Лагішынскай а. Тадэвуш Шэшка FDP. — Мы заўсёды прыходзім да нашай Маці як пілігрымы, а было б добра, каб Божая Маці пайшла да сваіх дзяцей у перэгрынацыі абраза Маці Божай Каралевы Палесся па парафіях Пінскай дыяцэзіі. Таму хачу папрасіць вас аб малітве ў гэтай інтэнцыі».




Не спыняцца ў пошуках Бога


На пачатку Імшы іерархі звярнуліся да сабраных з прывітальным словам.

Біскуп Антоні Дзям’янка прывітаў пілігрымаў, дзякуючы ім за прысутнасць.

Госці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі  Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі звярнулі ўвагу моладзі на неабходнасць мець правільны фундамент у сваім жыцці.

«Кожная нашая пілігрымка як сустрэча з Богам, кожная нашая малітва ў сто цудоўных абразоў Маці Божай пакідае вялікі плён, бо гэта цэгла ў наш фундамент маральных каштоўнасцяў, з якіх мы будуем нашае жыццё. І сапраўды, калі мы яго будуем на фундаменце Божым, то будзем шчаслівымі. Жадаю ўсім, каб мы атрымалі ад Бога тую ласку, якую патрабуем», — заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі.


Біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў вернікаў не спыняцца ў пошуку Бога ў сваім сэрцы.

«Бог заўсёды побач, але хто па-сапраўднаму Яго шукае? Няхай менавіта гэты заклік застанецца сёння ў нашых сэрцах і душах як заданне: шукаць Пана, бо Ён сапраўды блізка – у Сваім Слове, у святынях, якія будуюцца і аднаўляюцца, а таксама ў іншых людзях. І няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якую мы сёння праслаўляем, сабраўшыся разам, дапаможа нам нястомна, кожны дзень шукаць Пана, Які блізка нас, людзей – свайго ўмілаванага стварэння», — пажадаў усім ўдзельнікам фэсту біскуп Аляксандр Яшэўскі.


Біскуп Казімір Велікаселец заклікаў моладзь не паддавацца подступам і спакусам д'ябла, а будаваць сваё жыццё на фундаменце малітвы.

«Кожны з нас хоча, каб нашае жыццё адбылося, а яно адбудзецца тады, калі нам будзе спадарожнічаць малітва. А самая вялікая малітва — гэта малітва пры алтары. Будзеце пры алтары — вашае жыццё будзе паўнацэнным, а калі адвядзе вас д’ябал, то можа вас загубіць. Вас, вашую сям’ю і нават цэлыя народы. Таму заўсёды распачынайце і заканчвайце дзень малітвай», — заахвоціў іерарх.

Біскуп Юзаф Станеўскі прыгадаў прамову Папы Францішка ў Кракаве падчас сёлетніх Сусветных дзён моладзі, адзначаючы, што маладому пакаленню патрэбна часцей размаўляць са старэйшымі людзьмі, якія калісьці ў часы пераследу захавалі веру.


«Той водгук Папы Францішка, які гучаў на СДМ у Кракаве, сёння хацелася б паўтарыць і запытацца ў вас, моладзь Пінскай дыяцэзіі: ці гатовыя вы размаўляць аб сваёй будучыні, аб сваім шчасці са старэйшым пакаленнем?» — сказаў іерарх, а таксама заўважыў, што не толькі маладым трэба размаўляць са старэйшымі, але і наадварот.

Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Спевамі аздобіў лагішынскія ўрачыстасці хор пілігрымаў з Баранавіч і Бярозы. Нязломную варту каля самога алтара неслі скаўты, якія прыбылі ў Лагішын з розных куткоў Беларусі.

Напрыканцы Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў усім, хто далучыўся да арганізацыі ўрачыстасцяў і пілігрымак, а таксама заахвоціў юнакоў не баяцца адказваць на пакліканне да святарства. Эўхарыстыя скончылася пастырскім благаслаўленнем. Але не заканчваецца пошук Бога ў глыбіні сотняў сэрцаў, у якім вялікую дапамогу аказвае Панна Марыя.

Марына Валасар, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.