Пошук


22.08.2016 02:13  

21 жніўня ў санктуарыі ў Лагішыне распачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. У гэты дзень у санктуарый прыбылі ўдзельнікі пешых пілігрымак.

Пілігрымкі вырушылі 18 жніўня з Баранавіч і Бярозы. У санктуарыі сустрэліся 201 пілігрым з бярозаўскай і 146 з баранавіцкай пілігрымкi. Першай прыйшла пілігрымка з Баранавіч, якая пераадолела 140 кіламетраў, а амаль адразу за ёю пілігрымка з Бярозы пасля шляху ў 120 кіламетраў. Уваходзячых вітаў пробашч перад Брамамі Міласэрнасці.



Вечарам адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Гамілію прамовіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, узгадаўшы ў ёй багатую гісторыю парафіі, касцёла і цудадзейнага абраза Багародзіцы і заклікаўшы прысутных да аддання сябе пад Яе апеку. «Як пакаленні нашых продкаў прызнавалі Каралеву Палесся сваёй Маці і Заступніцай, так і вы не бойцеся даверыцца Ёй!» – заклікаў іерарх.

«Марыя з’яўляецца Маці Міласэрнасці. Яна сама адчувае патрэбы чалавека, бачыць неабходнасць дапамогі і такім чынам дамамагае нам, звяртаючыся да свайго Сына. Хоць Міласэрны Бог ведае, як распараджацца сваёй міласэрнасцю, больш за тое, толькі Ён ведае межы міласэрнасці, калі ўвогуле такія існуюць... Але сама міласэрнасць застаецца для нас таямніцай. Маці Міласэрнасці паказвае як бы чалавечы вобраз міласэрнасці, вынікаючы з нашых чалавечых патрэбаў.

Таму прыходзім да Маці Міласэрнасці з канкрэтнымі просьбамі, праблемамі і радасцямі. Прыходзім адзінокія з таямніцамі нашага сэрца. Прыходзім сем’ямі, парафіяльнымі супольнасцямі і як уся дыяцэзіяльная сям’я. Я вас заахвочваю, каб вы пры сэрцы Міласэрнай Маці адкінулі свой баласт пілігрымаў, з якім прыйшлі ў гэтае месца. Яна, напэўна, перадасць нават самыя таемныя вашыя думкі і пажаданні свайму Сыну, заўважаючы нават тыя праблемы, аб якіх, можа, у дадзеную хвіліну вы і забыліся альбо не лічыце іх вельмі важнымі», — з такімі словамі звярнуўся да ўдзельнікаў Імшы пінскі ардынарый. 


«Яна не пакідае нас, якія ўшаноўваем Яе тут, у лагішынскім санктуарыі, заклікаючы як Маці нашу Каралеву Палесся. Гэтае пасрэдніцтва Маці прыгадвае нам заступніцтва з Галілейскай Каны. Яна бачыць, колькі нам яшчэ не хапае касцёлаў, і праяўленнем міласэрнасці з’яўляецца факт, што святыні будуюцца. Што парафіяльныя супольнасці пад кіраўніцтвам душпастыраў распачынаюць цяжар будовы касцёлаў. Праяўленнем такога клопату Маці з’яўляецца факт, што дзякуючы Божай міласэрнасці нашыя касцёлы не пусцеюць, але, наадварот, запаўняюцца. Праяўленнем клопату Маці і пасрэдніцтва ў Божай міласэрнасці з’яўляецца і факт, што людзі трываюць у веры, многія знаходзяць дарогу да Бога і адшукваюць сэнс свайго жыцця», — дадаў іерарх.

«Ёсць шмат абразоў і фігур, дзе Маці Божая Беззагана Зачатая паказана, калі топча галаву смоку, як сімвал перамогі над сатаной. І сучасны свет павінен ісці дарогай, якую паказвае Божы Провід. У гісторыі няма нічога вечнага, апрача спрадвечнай справядлівасці. Усё прамінае так, як і прамінуў атэізм. Толькі Касцёл застаецца. І ён нястомна вучыць, што людзі — гэта Божыя дзеці, маюць несмяротныя душы і адпачынак знойдуць толькі ў Богу. У Святой Тройцы, бо чалавек найважнейшы ў Бога. Няхай сустрэча пры абразе Маці Божай Лагішынскай, славутым цудамі, будзе нашым выразам пашаны да міласэрнага Бога праз Яе пасрэдніцтва. Няхай Маці Божая Лагішынская і надалей будзе выхавальніцай людзей веруючых і сумленных. Няхай будзе крыніцай новай надзеі на адважны паход у будучыню маладому пакаленню вернікаў», — сказаў біскуп Антоні Дзям'янка.

Па заканчэнні гаміліі ўдзельнікі Імшы ўрачыста аднавілі сакрамэнт хросту.

Напрыканцы адбылася эўхарыстычная працэсія з абразом Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Удзельнікі працэсіі ішлі з запаленымі свечкамі і спевамі праслаўлення. Працэсія завяршылася ўрачыстым благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якое біскуп удзяляў кожнаму пры ўваходзе ў Брамы Міласэрнасці.



Пасля Эўхарыстыі перад касцёлам пачаўся канцэрт праслаўлення, які прадставіў гурт “Крок за крокам” з Баранавіч і Брэста. У касцёле ж пачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая будзе працягвацца ўсю ноч.



Андрэй Багдановіч, (AG)
Фота Уладзіслава Козела

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.