Пошук

12.07.2016 00:00  

11 ліпеня ў парафіі Св. Бэнэдыкта ў Пінску адбылася адпустовая ўрачыстасць, якую парафіяне ўпершыню сустрэлі ў новапабудаваным касцёле. Урачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Касцёл св. Бэнэдыкта быў асвечаны 27 кастрычніка 2015 г. Святыня была пабудавана за вельмі кароткі час — пяць месяцаў.

У Імшы ўдзельнічалі пробашч парафіі кс. Дзмітрый Кернога, ксёндз прэлат Ян Адамарчык, кс. Павел Гедройць, выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, кс. Тадэвуш Шэшка, дэкан Пінскага дэканату, кс. Адам Дынак, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, кс. Дзмітрый Чупрын, прэфект семінарыі ў Пінску, і яе пракуратар кс. Андрэй Шут.


Парафіяне прывіталі біскупа хлебам-соллю і падзякавалі за вялікі ўклад, які ён унёс у справу паўстання новай святыні ў Пінску.

Біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі нагадаў жыццёвы шлях святога Бэнэдыкта, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень. Гэты святы нарадзіўся каля 480 года ў Норчыі, вучыўся ў Рыме, але пакінуў вучобу, каб пачаць жыццё пустэльніка.

Іканаграфія, як нагадаў біскуп, прадстаўляе св. Бэнэдыкта ў манаскім бэнэдыктынскім адзенні, з крыжам у руках. Гэты святы з’яўляецца апекуном Еўропы і многіх манаскіх супольнасцяў, а таксама архітэктараў, горнарабочых, шахцёраў, інжынераў, настаўнікаў, вучняў, друкароў.

Таксама іерарх нагадаў, што місіяй Касцёла з’яўляецца «абвяшчэнне Божай міласэрнасці, пульсуючага Сэрца Евангелля, каб такім чынам здабыць сэрца і розум кожнага чалавека». «У Годзе Міласэрнасці мы хочам жыць паводле слоў Пана: “Міласэрныя, як Айцец”, — адзначыў пінскі ардынарый. — Загад Хрыста скіраваны да тых, хто паслухмяны Яго голасу. Каб быць здольнымі да міласэрнасці, мы павінны прыслухацца да Божага слова, гэта значыць — неабходна нанова адкрыць вартасць цішыні, каб можна было разважаць аб Слове, якое скіроўваецца да нас. Такім чынам мы можам разважаць аб Божай міласэрнасці і прыняцці яе як нашага стылю жыцця».


Біскуп дадаў, што выява св. Бэнэдыкта, які трымае палец на вуснах, нагадвае «аб адказнасці за дар мовы, які мы атрымалі ад Бога». Іерарх заклікаў наследаваць прыклад жыцця святога, асабліва ў гэтым годзе, аб’яўленым Годам Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле. «Не асуджаць і не выносіць прысуды, умець бачыць дабро, якое ёсць у кожнай асобе, і не дазволіць, каб яна цярпела ад суб’ектыўнага асуджэння, — сказаў пінскі ардынарый. — І гэта яшчэ не ўсё, каб выказаць міласэрнасць. Езус заклікае нас прабачаць і даваць, дараваць. Мы павінны быць прыладамі міласэрнасці, таму што першыя спазналі міласэрнасць ад Бога. Мы павінны быць шчодрымі для ўсіх, ведаючы, што і Бог велікадушна адорвае нас сваёй прыхільнасцю».

Таксама, па словах біскупа, «у Год Міласэрнасці мы павінны адкрыць свае сэрцы на ўсіх, хто жыве ў цяжкіх умовах». «Колькі ж ранаў на целе многіх людзей, якія не маюць ужо голасу, таму што іх крык аслабеў і замёр з прычыны абыякавасці багатых народаў. У Год Міласэрнасці Касцёл асабліва пакліканы лячыць такія раны, апрацоўваць іх алеем лагоднасці, перавязваць іх міласэрнасцю і лячыць салідарнасцю і належнай увагай. Адкрыем нашы вочы, каб убачыць беды ў свеце, раны многіх братоў і сясцёр, пазбаўленых годнасці», — заахвоціў вернікаў пінскі ардынарый.


Біскуп нагадаў словы Папы Францішка: «Маім гарачым жаданнем з’яўляецца, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над міласэрнасцю да цела і душы. Гэта будзе магчымасцю абудзіць наша сумленне, часта соннае перад абліччам драмы беднасці, а таксама ўваходзіць усё глыбей у сэрца Евангелля, дзе бедныя маюць прывілей Божай міласэрнасці. Не можам уцякаць ад слоў Пана Езуса, бо на іх падставе будзем асуджанымі: ці далі есці галоднаму, ці далі піць сасмагламу, ці прынялі бяздомнага і ці адзелі голага, ці мелі час для хворага і вязня (…). Таксама зададуць нам пытанні: ці дапамаглі мы пераадолець сумненні, праз якія нараджаецца страх і якія становяцца пачаткам адзіноты? Ці здолелі перамагчы прорву, у якой жывуць мільёны людзей, а найперш дзеці, пазбаўленыя неабходнай дапамогі, каб вызваліцца з беднасці? Ці аказалі міласэрнасць адзінокаму і прыгнечанаму? Ці прабачылі таму, хто нас абражае, і ці адкінулі ўсялякую форму крыўды і нянавісці, якая прыводзіць да насілля? (…) І, нарэшце, ці даверылі ў малітве Пану нашых братоў і сясцёр? У кожным з гэтых найменшых ёсць Хрыстус».

Святая Імша завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла.

Пасля Імшы парафіяне запрасілі гасцей на супольную агапу як працяг радаснай сустрэчы.

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа