Пошук

23.06.2016 09:59   Марына Валасар / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD, Уладзіслава Неліповіч / Catholic.by

23 чэрвеня ад касцёла Маці Божай Фацімскай вырушыла пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў. Пілігрымы з розных гарадоў і мястэчак Пінскай дыяцэзіі, а таксама з суседніх дыяцэзій, будуць ісці 9 дзён, складаючы свае малітвы і просьбы Маці Божай Будслаўскай.

На пачатак падарожжа вернікі памаліліся аб добрых плёнах пілігрымкі падчас ранішняй святой Імшы ў касцёле Маці Божай Фацімскай. Сваё пастырскае благаслаўленне адной з самых працяглых пілігрымак удзяліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У сваёй гаміліі пінскі ардынарый узгадаў біблійныя прыклады пілігрымавання і крыху закрануў гісторыю ўзнікнення пілігрымак. Іерарх адзначыў вялікую важнасць пілігрымкі для кожнага верніка.

«Пілігрымка — гэта наша падарожжа да Бога», — адзначыў біскуп.

Узгадваючы гісторыю ўзнікнення пілігрымак на беларускіх землях, пінскі ардынарый задаў пілігрымам пытанне: «чаму ідзяце ў Будслаў?»

«Ідзяце туды, каб вучыцца міласэрнасці ад Марыі. Мы заклікаем Яе ў нашых патрэбах словамі "Святая Марыя, міласэрная да грэшнікаў, брама нашага збаўлення, крыніца салодкай любові, Маці міласэрнасці, надзея тых, хто на Яе спадзяецца, суцяшэнне нешчаслівых, радасць засмучаных, дапамога бедных, да якой мы прыходзім з нашымі малітвамі, да якой тулімся, калі нас прыніжаюць, да якой звяртаемся з дапамогай, якую з пабожнасцю просім, якую з пакорай просім, якую ў цярпеннях клічам"», — нагадаў іерарх.

Пінскі ардынарый узгадаў прыклад святога Альфонса, які вельмі шанаваў Божую Маці і звяртаўся да Яе так: «О Найсвяцейшая Дзева – Ты мела большую і мацнейшую веру, чым усе людзі і ўсе анёлы».

«Няхай перажытая пілігрымка прынясе ў нашым жыцці трывалы плён міласэрнай любові: жыцця, згоднага з воляй Бога ў сям’і святога Касцёла, у грамадскіх супольнасцях і ва ўсім свеце», — пажадаў усім пілігрымам біскуп Антоні Дзям’янка.

Пасля святой Імшы, атрымаўшы пастырскае благаслаўленне, пілігрымы вырушылі ў шлях.

Наперадзе іх чакаюць 9 дзён шляху, напоўненых малітвай, спевамі, разважаннямі, канферэнцыямі, а таксама шматлікімі прыемнымі сюрпрызамі ад арганізатараў.

Пакуль пілігрымы ідуць, за іх моляцца шматлікія вернікі, якія адгукнуліся на прапанову арганізатараў стаць духоўнымі пілігрымамі. Крочыць духоўна з баранавіцкімі пілігрымамі будуць тыя, хто не можа прыняць удзел у пешым падарожжы.

Сачыць жа за самой пілігрымкай Баранавічы-Будслаў можна ўжо зараз у сацыяльных сетках па наступных акаўнтах:

 

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 25.09.2017 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця