8 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску новапрэзбітэр Аляксандр Стока OCD цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу.
Прэзбітэрскае пасвячэнне а. Аляксандра Стокі адбылося 4 чэрвеня ў Мінску.
Семінарыя ў Пінску была тым домам, дзе айцец Аляксандр Стока вучыўся, узрастаў у веры і праходзіў фармацыю. У гэты дзень ён вярнуўся сюды як святар, каб падзякаваць Богу за дар паклікання, памаліцца за тых, хто тут вучыцца і служыць, і ўдзяліць ім сваё прыміцыйнае благаслаўленне.
У гаміліі а. Аляксандр Стока звярнуў увагу на дабрыню Бога, які праз свой Закон дапамагае чалавеку не заблукаць на жыццёвым шляху.
«Бачныя былі хваляванне і засяроджанасць маладога святара. Бачнае было ўсведамленне таго, што на ягоныя словы звычайныя хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Збаўцы. Гэта найвялікшы Дар, які Хрыстус пакінуў нам, – Самога Сябе ў эўхарыстычных постацях, — адзначаецца на сайце семінарыі ў Пінску. — І дар святарства непарыўна з ім звязаны. Няхай жа добры Бог благаслаўляе жыццё і служэнне айца Аляксандра і няхай кліча на жніво сваё святых і адданых святароў».
Паводле seminaryja.by
Фота seminaryja.by