Пошук

24.05.2017 12:27  

Па запрашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел у яе 70-й Генеральнай асамблеі, якая 22-25 мая праходзіць у Ватыканскай зале Сінодаў.

Італьянскі епіскапат, заснаваны ў 1952 годзе, налічвае сёння каля 400 іерархаў і з’яўляецца адным з самых шматлікіх у свеце.

Упершыню старшыню абралі самі біскупы

На асамблеі біскупы ўпершыню маглі выбраць кандыдатаў на пасаду старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі. Раней кіраўніка італьянскага епіскапату прызначаў сам Папа Рымскі. Паводле новых правілаў, цяпер біскупы маглі самі абраць тры кандыдатуры на пасаду епіскапату і прапанаваць іх Святому Айцу, пасля чаго той прыняў бы рашэнне.

Адкрываючы пасяджэнне, Пантыфік заклікаў біскупаў да максімальнай шчырасці і пажадаў ім «адкрытага, пакорнага і шчырага» абмеркавання. «Не бойцеся спрэчак, — дадаў Папа. — Даверцеся Духу. Ён адкрывае да разнастайнасці і мірыць адрозненні брацкай любоўю».

Новым старшынёй італьянскага епіскапату ў выніку стаў кард. Гуалцьера Басэцці.

У пасяджэнні выступіў таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі іерарх падзякаваў за дапамогу, якую Касцёл у Беларусі атрымлівае ад італьянскіх католікаў. Ён таксама падкрэсліў, што ўдзел у пасяджаннях італьянскага епіскапату з’яўляецца вельмі важным досведам для яго як прадстаўніка Касцёла ў Беларусі, бо паказвае, як «адзін з самых вялікіх Касцёлаў у свеце вырашае свае праблемы і адказвае на выклікі часу».

Пра што гаварыў беларускі іерарх?

Мітрапаліт Кандрусевіч засяродзіўся на пастырскай актыўнасці Касцёла ў Беларусі. Ён паведаміў, што 2017 год у Касцёле ў Беларусі прысвечаны 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў, з якімі цесна звязана Беларусь.

Беларускі арцыбіскуп прадставіў галоўныя пункты гэтага плана: навэнна да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, перэгрынацыя па парафіях асвячанай у Фаціме фігуры, пілігрымка ў Фаціму 13 ліпеня 2017 г., пастырскія пасланні біскупаў, публікацыя розных матэрыялаў на тэму фацімскіх аб’яўленняў.

Іерарх таксама падкрэсліў, што культ Маці Божай Фацімскай вельмі моцна распаўсюджаны ў Беларусі, а сёлетні пастырскі год пацвярджае бязмежны давер нашых вернікаў да Маці Божай Фацімскай.

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама паінфармаваў сабраных біскупаў пра адкрыццё «Радыё Марыя» як новую прыладу для евангелізацыі і пра падрыхтоўку беларускай моладзі да Сусветных дзён моладзі ў Панаме ў 2019 г.

Засяродзіўся беларускі іерарх і на праблемах, з якімі сустракаецца Касцёл у Беларусі, называючы недастатковую колькасць касцёлаў у вялікіх гарадах, недахоп святароў і кансэкраваных асобаў, змяншэнне колькасці пакліканняў, цяжкасці ва ўзаемаадносінах з дзяржавай у справе дазволу на працу ў Беларусі замежных святароў і г.д.

Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на крызіс сям’і і праблему абортаў, што негатыўна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю.
«Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Касцёл у Беларусі давярае сябе апецы Маці Божай Фацімскай і з надзеяй глядзіць у будучыню», — зазначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

(cath)

Абноўлена 18.08.2017 12:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.