Пошук

27.04.2017 13:59  

25-27 красавіка ў санктуарыі Маці Божай Ліхэньскай (Влацлаўская дыяцэзія ў Польшчы) прайшла сустрэча Камісіі па справах кантактаў паміж Каталіцкім Касцёлам у Польшчы, Літве, Латвіі і Беларусі. У сустрэчы прыняў удзел і старшыня епіскапату Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Удзельнікі сустрэчы абмяркавалі падрыхтоўку да беатыфікацыі літоўскага арцыбіскупа Тэафілюса Матулайціса (Матулёніса), які нёс служэнне і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яго беатыфікацыя пройдзе 25 чэрвеня ў Вільнюсе.

Асаблівая ўвага была прысвечана вывучэнню пастырства моладзі, сем’яў і залежных ад алкаголю. Было падкрэслена, што патрэбна больш актыўная персанальная праца з моладдзю, у тым ліку і праз інтэрнет і сацыяльныя сеткі.

Як было адзначана, сучасная моладзь патрабуе больш актыўнага пастырскага суправаджэння. Алкагалізм — гэта найперш духоўная праблема і яе вырашэнне дазваляе вырашыць праблему алкагольнай залежнасці. Крызіс сям’і патрабуе больш глыбокай духоўнай падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнста і развіцця пастырства сем’яў.

26 красавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў св. Імшу ў ліхэньскай базыліцы. У слове да пілігрымаў беларускі іерарх засяродзіўся на тэме Юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Скарынам на беларускай мове, а таксама Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, рэалізацыя якіх стала Божым дарам свабоды веравызнання.

Паводле слоў арцыбіскупа, сёння паўтараецца сітуацыя з новым пераследам рэлігіі, калі прымаюцца «антыбожыя законы і ўмацоўваецца матэрыялістычны атэізм». Арцыбіскуп заклікаў вернікаў даражыць дарам свабоды веравызнання і не абменьваць яго на бязбожныя антыкаштоўнасці.

Ліхэнь — месца сустрэчы

Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся і з дзейнасцю кантэмляцыйнай манаскай супольнасці сясцёр анунцыятак, якія служаць у санктуарыі. Гэта супольнасць, заснаваная ў Францыі, акрамя малітвы займаецца пастырскай апекай пілігрымаў.

Тэрыторыя санктуарыя складае 100 гектараў. Комплекс уключае ў сябе базыліку на 3 тысячы сядзячых месцаў, дом пілігрыма, кляштар айцоў марыянаў, якія апякуюцца санктуарыем; кляштар сясцёр анунцыятак, гасцінны дом, памяшканні для рэкалекцый і розных тыпаў душпастырства — моладзевага, сямейнага, душпастырства пакліканняў і цвярозасці.

(DN), (IL)

Абноўлена 22.08.2017 13:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця