Пошук

16.04.2017 09:17  

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!

Велікодная радасць асвятляе сёння Касцёл ва ўсім свеце. У нашых святынях, у дамах і ў сэрцах усіх хрысціян гучыць радаснае «Аллелюя». Мы адзначаем урачыстасць Уваскрасення Пана — святкуем перамогу, якую Хрыстус Пан здабыў над грахом і смерцю.

Хрыстус уваскрос! Ён жыве і будзе жыць навекі! Гэтая праўда паказвае нам моц бязмежнай любові Бога да чалавека. Гэтая самая любоў, якая была нам аб’яўлена на дрэве крыжа, сёння прамаўляе да нас у знаку пустога гроба.

Гэты знак нагадвае нам, што калісьці і нашы грабы, і грабы нашых блізкіх памерлых будуць пустыя. Здзейсніцца тады той самы цуд, які сёння мы ўзгадваем — цуд уваскрашэння. Як піша святы Павел: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8).

Ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне, што з кожным днём сваёй часовай вандроўкі ён кіруецца не да смерці і небыцця, але да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца?

Трываючы ў гэтай пасхальнай радасці, якой адарыў нас Хрыстус праз сваё Уваскрасенне, складаю вам, дарагія браты і сёстры, моц найсардэчных віншаванняў. Няхай перамога Хрыста над смерцю апраменіць радасцю кожны дзень вашага жыцця, няхай напоўніць супакоем і верай вашыя сэрцы, няхай дазволіць верна ісці за Панам і Збаўцам шляхам веры, надзеі і любові.

Агортваю вас усіх маёй малітвай, жадаю Божага благаслаўлення, добрага здароўя і шчодрасці ўсялякіх ласкаў ад Уваскрослага Пана.

Вясёлага Аллелюя!

+Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі



Абноўлена 12.09.2017 11:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа